Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На магіле Ўладзімера Мулявіна адкрылі помнік (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Сёньня на Ўсходніх могілках беларускай сталіцы быў усталяваны помнік заснавальніку і на працягу 30 гадоў нязьменнаму мастацкаму кіраўніку ансамблю “Песьняры” Ўладзімеру Мулявіну. 12 студзеня Мулявін мог бы адзначыць свой юбілей – 65-ты год нараджэньня. Аднак да гэтай даты музыка не дажыў роўна тры гады: 26 студзеня 2003 году ён памёр у Маскве, у аддзяленьні нэўрахірургіі шпіталю імя Бурдэнкі, куды ўвосень 2002 году быў перавезены для працягу лекаваньня.

Упершыню пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна на ягоны дзень нараджэньня сабраліся ледзьве ня ўсе музыкі розных складаў “Песьняроў”, якія цяпер ня маюць асаблівых сымпатыяў адзін да аднаго. Ля магілы стаялі побач Уладзіслаў Місевіч і Лявон Барткевіч, Валянцін Бадзьяраў і Валеры Скаражонак, Вячаслаў Шарапаў і Валеры Дайнэка, кампазытары і паэты, якія супрацоўнічалі зь “Песьнярамі”. У іхных выступах найчасьцей гучала слова “спадчына” — тое, што пакінуў Мулявін наступным пакаленьням. Пра гэта казаў кампазытар Ігар Лучанок:

(Лучанок: ) “Мы маем спадчыну Янкі Купалы, многіх выбітных дзеячаў Беларусі. Уладзімер Мулявін пакінуў нам сваю спадчыну. Спадчына — гэта ягоныя песьні, якія ён нёс ад сэрца да сэрца. Гэта вялікая старонка беларускага мастацтва. Ён працягнуў тое, што рабілі Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Іосіф Жыновіч. Я сябраваў з Уладзімерам Мулявіным ад 1969 году, калі яшчэ былі “Лявоны”. Разам стваралася “Алеся”, разам стваралася “Вераніка”, рок-опэра “Гусьляр”. У Мулявіна шмат ня толькі песень, балядаў, але і сапраўдных палотнішчаў. Гэта і “Песьня пра долю”, і цыкль на вершы Маякоўскага. І сёньня я яшчэ раз хачу схіліць галаву перад маім сябрам”.

У шэрым граніце надмагільнага помніка музыку з гітарай увасобіў скульптар Аляксандар Каструкоў. Вартасьці помніка ацэньвае мастак і пастаноўшчык “песьняроўскіх” канцэртаў Лявон Бартлаў:

(Бартлаў: ) “Мне вельмі падабаецца гэты помнік. Як мастак магу сказаць: скульптару ўдалося ўхапіць сутнасьць ня толькі партрэтнага падабенства, але і вобразу духоўнага. У гэтым сэнсе вельмі важна памятаць, што мы ня робім дакладнай копіі, а вобраз, які нас чакае “там”, на небе. І гэты сэнс тут прысутнічае. І мне вельмі падабаецца знойдзены мастаком ход, калі нібыта ўрослы у камень грыф гітары перацякае празь фігуру музыкі. Гітара ўжо становіцца не атрыбутыкай інструмэнту, але гэткай манумэнтальнай сутнасьцю, урослай у вечнасьць. Бо камень ёсьць сымбалем вечнасьці”.

На адкрыцьцё помніка прыехалі жонка Ўладзімера Мулявіна Сьвятлана Пенкіна, сыны Валеры і Ўладзімер, дачка Марына. Спадарыня Пенкіна ад імя сям’і выказала ўдзячнасьць усім, хто не забыўся пра юбілей:

(Пенкіна: ) “Мне цяпер вельмі цяжка. Але я адчуваю яго тут, на зямлі, проста ў іншым маштабе, у іншай якасьці… Нізкі паклон Аляксандру Каструкову. Ён сапраўды на мулявінскім маштабе, на мулявінскім ўзроўні зрабіў гэты помнік. Дзякуй усім, хто прыйшоў сёньня і будзе прыходзіць сюды надалей”.

Сёньня ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца канцэрт, прысьвечаны памяці Ўладзімера Мулявіна. Перад гледачамі выступіць дзяржаўны ансамбль “Песьняры” і былы саліст гурту Анатоль Кашапараў, якому будуць дапамагаць музыкі “Песьняроў”, зарэгістраваных у Маскве.

У траўні 2002 году стваральнік і шматгадовы кіраўнік “Песьняроў” Уладзімер Мулявін трапіў у аўтакатастрофу, атрымаўшы моцныя пашкоджаньні хрыбта. Раніцай 26 студзеня 2003 году ён памёр. У 2001 годзе Ўладзімер Мулявін быў адзначаны найвышэйшай узнагародай Беларусі — ордэнам Францішка Скарыны.

Фотарэпартаж

На фота: Удава Мулявіна Сьвятлана Пенкіна

На фота: Аўтар помніку Алесь Каструноў (ля мікрафону), зьлева -- першы намесьнік міністра культуры Уладзімер Рылатка, справа -- кампазытар Ігар Лучанок



XS
SM
MD
LG