Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што памятаюць жыхары Грозава пра Слуцкае паўстаньне? (фота)


Міхал Стэльмак, Грозаў Грозаў знаходзіцца на мяжы Слуцкага і Капыльскага раёнаў. У гэтым мястэчку фармаваўся Другі Грозаўскі полк Слуцкай брыгады войскаў БНР, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 году змагалася за незалежнасьць гэтага краю.

Побач з былой Мікалаеўскай царквой, пераабсталяванай на калгасную кантору і Дом культуры, стаіць помнік-крыж.

(Чорная: ) “То было паўстаньне на тэрыторыі цяперашняга Грозава. У гонар гэтага паўстаньня пастаўлены Слуцкі крыж, як памяць пра загінулых людзей. І гэтая падзея ўнесена ў гісторыю Беларусі”.



Гэта паведаміла мне школьніца Марына Чорная. Адкуль узяўся крыж-помнік?

(Любоў: ) “Бэнээфаўцы выставілі крыж. Прыяжджаюць кожны год”.

(Анатоль: ) “Прыяжджаюць штогоду”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы ведаеце пра паўстаньне?”

(Алена: ) “Я не магу вам нічога сказаць”.

(Анатоль: ) “Старыя і тыя ня памятаюць”.

(Ганна: ) “Слуцкае паўстаньне — гэта ж грамадзянская вайна”.

(Місючэнка: ) “Гэтага я ўжо ня памятаю, але старэйшыя расказвалі, што было тут такое паўстаньне”.

Мая Місючэнка -- карэнная гразаўчанка, ёй 73 гады.

(Місючэнка: ) “Адміраюць старыя. І ўсё забываецца”.

Сямідзесяцігадовая Ганна Дубовік яшчэ памятае расповеды сваіх бацькоў:

(Дубовік: ) “Слуцкае паўстаньне — гэта ж грамадзянская вайна. Я памятаю, як мая мама распавядала, я яшчэ малая была, дык яна казала, што ў Грозаве быў полк. Вось тут, дзе ў нас старая школа, якая раскіданая, казала, што палкавыя музыкі ігралі. Яна казала, што нейкі полк быў”.



Так, насамрэч, паводле архіўных крыніцаў, якраз у гэтым мястэчку фармаваўся Другі Грозаўскі полк Слуцкай брыгады войскаў БНР, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 году змагалася за незалежнасьць гэтага краю, абараняла яго ад Чырвонай арміі. Мясцовы настаўнік Вячаслаў Рыбак таксама кажа, што жывых сьведкаў падзеяў 85-гадовай даўніны няма.

(Рыбак: ) “Хто і быў, дык паўміралі. Столькі часу прайшло. Была ў нас старая адна, Сушынская. Яна пражыла больш як сто гадоў. Дык яна расказвала пра паўстаньне. Яна казала, што зьбіраліся, пайшлі на Слуцак — і ніхто не вярнуўся. А так усё было ціха. Нічога нельга было казаць. Гэта ўсплыло нядаўна, у 1990-я гады. А так, я ў школе вучыўся — ні пра якое паўстаньне ня чуў. Таму што маці мая з 1926 году, ня можа памятаць. А астатнія дзяды і прадзеды паўміралі. Мо й памяталі. А так, толькі зь літаратуры — Васіля Быкава, потым Грыцкевіча Анатоля. У “Спадчыне” цікава было надрукавана, нават ёсьць пра аднаго з гразаўчан — Юра Харытончык такі ўдзельнічаў у гэтым паўстаньні”.

Юра Харытончык — былы малодшы афіцэр Грозаўскага палка. Зь яго ўспамінаў, з расповедаў землякоў старэйшага пакаленьня ў Вячаслава Рыбака склаўся такі вобраз слуцкіх паўстанцаў:

(Рыбак: ) “Ну, што жылі такія зажытачныя хлопцы. Харошыя гаспадары. Любілі сваю Беларусь. Не хацелі быць ні пад палякамі, ні пад бальшавікамі. Схадзіліся сюды з навальных вёсак. Напрыклад, з Аксамітаў. У Грозаве фармаваўся гэты полк. Ну й пайшлі ваяваць. Такая была карціна. Загінулі ўсе”.

Далей гл. • Грозаў
XS
SM
MD
LG