Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Лукашэнка выпраўляюцца на Віцебшчыну


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня спадар Мілінкевіч мае наведаць Воршу і пасёлак Коханава ў Талачынскім раёне, а ў наступныя два дні сустрэцца з жыхарамі Віцебска і райцэнтра Глыбокае. Алксандара Лукашэнку чакаюць сёньня ў райцэнтры Докшыцы, дзе ён возьме удзел у цырымоніі пуску прыроднага газу, і ў вёсцы Таргуны, якая мае быць ператворанай у так званы “аграгарадок”.

Паездка Аляксандра Мілінкевіча на Віцебшчыну была заплянаваная яшчэ да абвяшчэньня дакладнай даты прэзыдэнцкіх выбараў і мусіла адбыцца яшчэ напрыканцы сьнежня. Але абставіны склаліся так, што да сёньняшняга дня ён быў наведаўся толькі на Полаччыну.

Між тым Аляксандар Мілінкевіч ёсьць адным з найбольш вядомых у вобласьці прэтэндэнтаў на кандыдата – удзельніка прэзыдэнцкіх выбараў. У Воршы, куды ён мае прыехаць сёньня, за яго сабрана больш як тры тысячы подпісаў. Але, як паведамілі ў аршанскім штабе спадара Мілінкевіча, збор подпісаў за ягонае вылучэньне ідзе актыўна, і сёньня ён асабіста будзе мець магчымасць назіраць за гэтым працэсам. Вось што распавёў пра пляны спадара Мілінкевіча актывіст яго ініцыятыўнае групы з Воршы Алесь Шутаў.

(Шутаў: ) “ Плянуюцца сустрэчы з прадпрымальнікамі на гарадзкім рынку, а потым мы прапануем яму ўзяць удзел у зьбіраньні подпісаў на аўтобусным прыпынку “Цэнтар”. Потым будзе ўскладаньне кветак да помніка Караткевічу – гэта была ягоная ініцыятыва, ну, і мы яе падтрымаем па меры магчымасьці. А ўвечары плянуецца сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з сябрамі ягонай ініцыятыўнай групы.”

Яшчэ адзін прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, Аляксандар Казулін ужо наведваўся ў Воршу і нават таксама ўскладаў кветкі да помніка Караткевічу: гэта было якраз на 75-я ўгодкі пісьменьніка. Паводле кіраўніцы ягонай прэсавай службы Ніны Шыдлоўскай, спадар Казулін плянуе і надалей паездкі па Віцебшчыне, але дакладныя даты іх пакуль ня вызначаныя.

(Шыдлоўская: ) “ Літаральна днямі, можа нават 13-га ці 14-га. Улічваючы пэўныя абставіны ў рэгіёнах, мы ўвесь час карэктуем графікі, і 13-га паездкі будуць. Але ў якім напрамку – дакладна не вядома”.

Сёньня мае прыехаць на Віцебшчыну і яшчэ адзін прэтэндэнт – Аляксандар Лукашэнка. Ягоны прыезд у райцэнтар Докшыцы таксама быў заплянаваны даўно, але некалькі разоў адкладаўся. Мяркуецца, што сёньня спадар Лукашэнка возьме ўдзел у адкрыцьці мясцовага газаправоду. Газ правялі ў Докшыцы ад суседняга райцэнтру Глыбокае яшчэ ў лістападзе мінулага году, але момант урачыстага пуску адклалі да візыту Лукашэнкі.

Прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандра Лукашэнку ў Докшыцах рыхтуюцца сёньня сустракаць куды больш урачыста, чымсьці ягоных патэнцыйных канкурэнтаў.

Гаворыць жыхар Докшыцаў Тадэвуш Закалінскі.

(Закалінскі: ) “Чысьцяць усё як належыць, як гаворыцца – лёд, сьнег. На Новы год як быў дождж, а потым усё як заледзянела, дык дзяўбуць усё да асфальту! На плошчы будзе ў нас гэтае сымбалічнае запальваньне газу, людзей, мусіць, будзе шмат – ня толькі з Докшыцаў, але й з сельсаветаў на аўтобусах навязуць. Сьцягі на вуліцах паразьвешвалі – гэта ўжо для тэлебачаньня, каб было паглядна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG