Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: Лукашэнка ўжо раздае пасады


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія СМІ пішуць сёньня пра тое, што Аляксандар Лукашэнка робіць чарговыя кадравыя перастаноўкі з упэўненасьцю ў сваёй перамозе на выбарах, а таксама пра выступ ягонага суперніка Аляксандра Мілінкевіча ў тэлебачаньні “Euronews”.

“Gazeta Wyborcza” піша, што цяперашнія беларускія ўлады кажуць пра сваю перамогу ў часе сакавіцкіх выбараў, як пра нешта натуральнае, як быццам бы гэта ўжо здарылася. “Аляксандар Лукашэнка, нягледзячы на тое, што ён пакуль не абраны на трэці тэрмін, раздае пасады, адзначаючы, што гэтыя людзі “будуць працаваць на іх і пасьля выбарчай кампаніі”, – адзначае польскі штодзёньнік. “Gazeta Wyborcza” падкрэсьлівае, што на пасаду старшыні Рады бясьпекі Беларусі вернецца Віктар Шэйман, які цяпер узначальвае выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі і лічыцца “шэрым кардыналам” у адміністрацыі прэзыдэнта. “Шэйман знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўрапейскага Зьвязу, бо ён падазраецца ў тым, што мае дачыненьне да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага”, – адзначае “Gazeta Wyborcza”. Гэты ж польскі штодзёньнік, а таксама шэраг іншых мэдыяў, паведамляюць пра выступ кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча ў тэлебачаньні “Euronews”. Газэты пішуць, што наўрад ці Мілінкевіч атрымае шанец яшчэ некалі зьвярнуцца да так вялікай колькасьці сваіх суайчыньнікаў, бо гэта магчыма толькі пры ўмове, калі ён зможа выступіць у расейскіх тэлеканалах. Польскае прэсавае агенцтва адзначае, што ў сытуацыі, калі дзяржаўныя мэдыі цалкам ігнаруюць ня толькі яго, але і іншых апазыцыйных кандыдатаў, актывісты штабу Аляксандра Мілінкевіча вымушаныя хадзіць па кватэрах, каб беларусы даведаліся пра тое, што ён балятуецца, і пра ягоную праграму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG