Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк камэнтуе газавыя спрэчкі Ўкраіны і Расеі


Радыё Свабода Прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Зянон Пазьняк выказаў для Радыё Свабоды сваё бачаньне газавых канфліктаў з Расеяй.

(Пазьняк: ) "У Беларусі ўжо быў вопыт у 2003 годзе, калі разыгрываўся газавы спэктакль, калі трэба было падвысіць цану на камунальныя паслугі і саюзьнікі не дамовіліся. Таму, зразумела, дзіўна, што яны распачалі гэтую правальную сытуацыю на Ўкраіне.

Можна гэта ўсё улічыць, і на выпадак, калі нешта падобнае здарыцца ў трэці раз, у чым я сумняваюся, хіба толькі лічыць крамлёўскі рэжым поўнымі ідыётамі, то трэба ўжыць тыя самыя мэтады, што і на Ўкраіне.

У нас такія магчымасьці ёсьць, плата за наш транзыт практычна забясьпечвае нас газам – амаль што. Гэта будзе законна, украінцы гэта даказалі.

Але ў нас таксама ёсьць такія магчымасьці, якіх няма на Ўкраіне, менавіта ўзаемазалежнасьць паміж Беларусьсю і Расеяй. Я маю на ўвазе і ваенныя базы, якія існуюць на Беларусі фактычна задарма і якія, безумоўна, уваходзяць у малую цану газу, але Беларусь тут прайграе.

Тут таксама і вельмі танны, практычна бясплатны транзыт, і іншыя магчымасьці, якіх няма на Ўкраіне.

Але на Ўкраіне ёсьць вельмі вялікі рэсурс – гэта нацыянальны ўрад, нацыянальная ўлада. І вось дзякуючы гэтаму моцнаму і рашаючаму рэсурсу ўкраінцы лёгка вытрымалі гэты нахабны і дурны шантаж і перамаглі. У нас няма гэтага рэсурсу – нацыянальнага ўраду і нацыянальнай улады. Таму першая задача гэта здабыць гэты рэсурс. Астатняе ўсё ня ёсьць праблема Беларусі. Праблема газу гэта праблема Расеі. Гэта лёгка вырашаецца, толькі для гэтага, паўтаруся, патрэбны нацыянальны ўрад". (Чытаць далей)
XS
SM
MD
LG