Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар ЦВК даў вуснае папярэджаньне З.Пазьняку


Радыё Свабода Сёньня сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік зрабіў вуснае афіцыйнае папярэджаньне кіраўніку ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргею Папкову.

Сакратар Цэнтральнай камісіі выказаў прэтэнзіі адносна ўлётак, якія распаўсюджваюць сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Паводле Мікалая Лазавіка, гэты распаўсюд ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства.

(Лазавік: ) “Выбарчая агітацыйная кампанія пачынаецца пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Пры зборы подпісаў сябры ініцыятыўнай групы могуць знаёміць выбарнікаў з інфармацыйнымі матэрыяламі пра кандыдатаў на прэзыдэнта, але раздаваць гэтыя матэрыялы забараняецца”.

Калі гэтая праца будзе працягвацца, то, паводле спадара Лазавіка, пытаньне можа быць вынесенае на паседжаньне Цэнтрвыбаркаму і могуць быць прыняты меры адпаведна заканадаўству.

Сяргей Папкоў падкрэсьліў, што ўлётка, якая занепакоіла сакратара Цэнтравыбаркаму, заклікае прыняць удзел у народным галасаваньні. Кіраўнік ініцыятыўнай групы ўхваляе працяг распаўсюду гэтых улётак. Спадар Папкоў адхіляе прэтэнзіі Мікалая Лазавіка і заяўляе, што зборшчыкі подпісаў займаюцца не агітацыяй, а інфармаваньнем людзей.

(Папкоў: ) “Мы ня спынім гэтай працы. Гэта інфармаваньне людзей у сувязі з адсутнасьцю сродкаў інфармацыі для народу. Іншага выйсьця ў нас няма, як дастукацца да людзей, праінфармаваць аб тым, што гэта ня выбары, што рэжым робіць антызаконную справу, незаконным чынам праводзіць гэтую кампанію”.

Яшчэ спадар Папкоў выказаў пратэст сакратару ЦВК супраць забароны на збор подпісаў у падземных пераходах. Прынамсі, ён згадаў факты, калі міліцыя ў Менску спыніла збор подпісаў у падземным пераходзе станцыі мэтро “Інстытут культуры”. Міліцыянты лічаць, што гэта перашкаджае бясьпецы руху. Сяргей Папкоў не пагаджаецца тут з пазыцыяй Цэнтрвыбаркаму і заяўляе, што сябры ініцыятыўнай групы працягнуць збор подпісаў у пераходах.

(Папкоў: ) “Гандлёвыя кропкі ўсюды ў гэтых пераходах ёсьць. Дадатковае гэта стаяньне не надае перашкодаў. Выганяць людзей на мароз – гэта ўвогуле перашкаджаць працы. Гэта ўвогуле зьнявага людзей: выганяць на мароз, на холад. Непавага да тых, хто падпісваецца і тых, хто зьбірае”.
XS
SM
MD
LG