Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекаў ад птушынага грыпу на ўсіх ня хопіць


Кастусь Бандарук, Прага Рыхтуючыся да магчымай пандэміі птушынага грыпу, урады шэрагу краінаў сьвету робяць запасы антывіруснага леку Таміфлю і Рэлензы. Аднак паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, вытворчыя здольнасьці фармацэўтычных кампаніяў дазволяць ім цягам бліжэйшых дзесяці гадоў вырабіць лек ўсяго для 20% насельніцтва сьвету.

Паводле публікацыі ва ўплывовым навуковым часопісе "New England Journal of Medicine", вірус птушынага грыпу здольны да мутацыяў і выпрацоўкі імунітэту супраць Таміфлю. Чатыры з васьмі хворых на птушыны грып віетнамцаў памерлі, хаця і своечасова атрымалі гэты лек.

Аднак старшыня амэрыканскага Таварыства інфэкцыйных хваробаў Эндру Павія лічыць, што незважаючы на выпадкі неэфэктыўнасьці Таміфлю ня дзейнічаў на пацыентаў, гэта ўсё роўна найлепшы на сёньня лек.

(Павія: ) “Таміфлю – гэта найлепшы лек супраць птушынага грыпу, які мы маем у дадзены момант. Вядома, што ён дастаткова эфэктыўны ў выпадку сэзоннага грыпу. Ён дазваляе пазьбегнуць шпіталізацыі і нават засьцерагае ад сьмерці. Калі яго прыняць своечасова, дык ён дае станоўчы вынік. Аднак калі яго прыняць запозна, тэрапэўтычны эфэкт адносна невялікі. Было таксама шэраг выпадкаў, калі вірус выпрацоўваў імунітэт супраць гэтага леку”.

Паводле экспэрта ў галіне вірусных хваробаў з Карнэльскага ўнівэрсытэту, вірус у меншай ступені здольны набываць імунітэт супраць іншага леку – Рэлензы. Аднак ў гэтага леку таксама істотны мінус: ён дзейнічае толькі на ахопленыя інфэкцыяй лёгкія, тым часам як вірус птушынага грыпу атакуе ўсе органы чалавека.

Вытворцы Тамфлю – швайцарскі фармацэўтычны канцэрн "Рашэ" (Roche), і Рэлензы – амэрыканская кампанія "ГлаксоКлайнСьміт" (GlaxoKlineSmith) не спраўляюцца з аб''ёмам попыту на іхныя прадукты. Калі б цяпер зьявілася пандэмія птушынага грыпу, дастатковай колькасьці леку не мела б ніводная краіна ў сьвеце.

У часе калі заможныя краіны прынамсі павялічваюць запасы гэтых дарагіх лекаў, бедныя краіны проста ня могуць сабе дазволіць іх набыцьцё. Аднак на думку Морын Луіс з вашынгтонскага Йэнтру глябальнага разьвіцьця, гэта ня значыць, што бедныя краіны бездапаможныя. Яны павінны пайсьці па іншым шляху. Вядома, што ў Турцыі на птушыны грып памерлі дзеці, які гулялі зь мёртвай птушкай.

Паводле Морын Луіс, усе краіны павінны праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію, тлумачыць людзям, што трэба пазьбягаць кантакту з хворай птушкай, што мяса хатняй птушкі абавязкова трэба паддаваць тэрмічнай апрацоўцы. Гэта можа прынамсі зьменшыць верагоднасьць заражэньня.
XS
SM
MD
LG