Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады прыпынілі дзейнасьць “Польскага дому”


Радыё Свабода Дырэктаркай гэтай установы доўгі час працавала Аліцыя Галустава, якая адначасова ачольвала абласную філію Саюзу палякаў Беларусі. З ініцыятывы аблвыканкаму абласная структура арганізацыі была скасавана, гарадзкую філію ўзначаліў рэкамэндаваны ўладамі Станіслаў Даманеўскі, а “Польскі дом” прыпыніў сваю дзейнасьць да прызначэньня новага дырэктара.

“Польскі дом” у Віцебску існуе з 2000 году, і апошнія тры гады дырэктаркай там працавала Аліцыя Галустава. Паводле ейных словаў, “Польскі дом” пры канцы мінулага году наведалі каля 400 чалавек — ня толькі этнічных палякаў, але і беларусаў, што цікавіліся польскай культурай.

(Галустава: ) “Быў дзіцячы ансамбль, быў ансамбль старажытнай музыкі, кола лекараў, кола навукоўцаў, жаночы клюб майстрых, клюб аматараў польскага кіно... Штомесяц у нас былі нейкія імпрэзы — Дзень незалежнасьці, Сьвята Божага нараджэньня мы заўсёды ўрачыста праводзілі. Ведаеце, я гарэла ўсім гэтым, мне падабалася гэтым займацца”.

Сёлета ўпершыню за апошнія гады ў “Польскім доме” не адзначалі Калядаў: ладзіць імпрэзу не дазволіў аблвыканкам, бо ўправа юстыцыі прыняла рашэньне скасаваць абласную філію Саюзу палякаў Беларусі, якую з 1993 году ачольвала таксама Аліцыя Галустава.

Як патлумачылі прадстаўнікі ўправы юстыцыі, абласная філія была прызнаная нядзеяздольнай, і замест яе была сфармаваная гарадзкая філія грамадзкага аб’яднаньня. Але на ўстаноўчы сход новай структуры не запрасілі ні спадарыню Галуставу, ні мясцовых актывістаў. У залі гарадзкога цэнтру культуры прысутнічалі хіба настаўнікі з бліжэйшых школаў, якіх забавязалі туды зьявіцца, і прадстаўнікі ўладаў.

Яўген Скрабоцкі, які прыехаў з Горадні, каб правесьці гэты сход, таксама пацьвердзіў, што менавіта ўладам належыць ініцыятыва рэарганізацыі мясцовай структуры і замены Аліцыі Галуставай на пасадзе старшыні.

(Скрабоцкі: ) “Вы ва ўладаў запытайцеся — гэта яны ўсё праверылі і знайшлі там шмат недарэчнасьцяў. Кіравала тут адна асоба, і кіравала так, што не было працы абласной структуры”.

Спадарыня Галустава і сама не абвяргае, што ў “Польскага дому” няма магчымасьцяў ладзіць імпрэзы для ўсяго рэгіёну, перадусім з-за недахопу фінансаў. Аднак пэрсанальныя зьмены ў віцебскай арганізацыі яна лічыць простым адбіткам таго, што адбылося ў беларускім Саюзе палякаў увогуле — у кіраўніцтва трапілі прыхільнікі цяперашніх дзяржаўных уладаў.

Паводле прапановы аблвыканкаму, на пасаду старшыні гарадзкой філіі быў абраны дырэктар прадпрыемства “Аблкнігагандаль” Станіслаў Даманеўскі. Пра далейшы лёс “Польскага дому”, які практычна не працуе ўжо амаль месяц, ён ня змог сказаць нічога канкрэтнага:

(Даманеўскі: ) “Пакуль усё ў падвешаным стане. Я яшчэ нічога ня ведаю, мяне толькі тут абралі. Будзе неяк усё вырашацца”.

Новае кіраўніцтва “Польскага дому” пакуль не прызначана. Цяпер фінансавую дзейнасьць установы правярае падатковая інспэкцыя. Пакуль што ніякіх злоўжываньняў з боку Аліцыі Галуставай, насуперак меркаваньню новага рэспубліканскага кіраўніцтва Саюзу палякаў, гэтыя праверкі ня выявілі.
XS
SM
MD
LG