Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкі подпісаў за Лукашэнку працавалі без пасьведчаньняў


Радыё Свабода На праспэктах і вуліцах Менску працягваецца збор подпісаў за кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Сябры ініцыятыўных групаў заяўляюць пра пільны кантроль за іхнай працай з боку праваахоўных органаў і прадстаўнікоў дзяржаўных структураў. А пікетоўцаў, што зьбіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку, невядомыя прыгразілі закідаць памідорамі — ніводзін зь іх ня меў адпаведнага пасьведчаньня.

Каля сталічнага ГУМу амаль адначасна зьявіліся два пікеты — за Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Лукашэнку. Аднак у сяброў групы Мілінкевіча адразу ж запатрабавалі дакумэнты.

(Спадар: ) “Чуў, што павінны быць дазвол выканкаму”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто вы — скажыце, калі ласка”.

(Спадар: ) “Служба бясьпекі ГУМу”.

(Іншы спадар: ) “А якая тут можа быць небясьпека?”

(Спадар са службы аховы: ) “Я проста пытаюся, ці ёсьць дазвол на тое, дзе можна стаяць — у любым месцы ці не. Вось гэта я хачу высьветліць”.

Паводле Леанарды Мухінай і Андрэя Векшы, якія мусілі трымаць адказ, праверка дакумэнтаў для іх — звыклая зьява ад першага дня збору подпісаў.

(Мухіна: ) “Гэтым цікавяцца ў першую чаргу АМОН і міліцыянты. Толькі станем, і адразу ж правяраюць дакумэнты, ці сапраўды гэта я зьбіраю подпісы за пэўнага чалавека”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы часта тут стаіце?”

(Векша:) “Чацьверты дзень”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ахвотна падпісваюцца?”

(Векша: ) “Вельмі ахвотна. Здараецца так, што паток ідзе, людзі ў чаргу становяцца, а нам рукі мерзнуць і пісаць ня можам”.

Да групы моладзі з суседняга пікету, за Аляксандра Лукашэнку, служба аховы ГУМу цікавасьці ня выявіла, як і мінакі. Але пікетоўцы паведамілі, што пасьведчаньні правяраюць і ў іх.

(Юначка: ) “Пытаюць дакумэнты, дазвол”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў вас такія ёсьць?”

(Юначка: ) “Адно пасьведчаньне”.

(Карэспандэнтка: ) “На каго?”

(Юначка: ) “Войтка Аркадзя Леанідавіча”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто ён?”

(Юначка: ) “Сябра БРСМ, які арганізаваў пікецік”.

(Юначка: ) “Ён падыходзіць, цікавіцца нашымі справамі. Адышоўся проста”, — сказала зборшчыца подпісаў за Лукашэнку практыкантка ГУМу Каміла Хусаінава.

Гл. таксама • Як ідзе збор подпісаў? (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG