Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Советскую Белоруссию” падпісвалі пад прымусам і пасьля Новага году


Радыё Свабода Менскія паштовыя аддзяленьні сувязі толькі сёньня закончылі падпіску на газэту “Советская Белоруссия”. На загад кіраўніцтва кожнае аддзяленьне мусіла дадаткова аформіць падпіску ў сярэднім на 50 асобнікаў газэты. Кіраўніцтва прадпрыемства “Менская пошта” папярэдзіла сваіх супрацоўнікаў, што калі распараджэньня ня выканаюць, то гэтыя 50 асобнікаў накіруюць на рэалізацыю ў паштовыя аддзяленьні.

У сваім лісьце да супрацоўнікаў выканаўца абавязкаў кіраўніка “Менскай пошты” Валянціна Пугач матывавала свой загад тым, што наклады газэты “Советская Белоруссия” не адноўленыя да ўзроўню 1 студзеня 2005 году. У Менску працуе каля 150 аддзяленьняў сувязі, і дзесяць дзён пасьля новага году супрацоўнікі пошты намагаліся знайсьці дадатковых падпісчыкаў. У паштовым аддзяленьні Фрунзенскага раёну “Свабодзе” паведамілі, што плян выконвалі рознымі мэтадамі.

(Каляга: ) “Паштаркі ў нас вельмі добра падпісалі “Советскую Белоруссию”. Нашы дзяўчаты хадзілі на завод з-за “Советской Белоруссии”. Там падпісвалі… Як ніколі!”

У аддзяленьні Першамайскага раёну іншая сытуацыя. Супрацоўнікі распавялі, што ім не ўдалося знайсьці дадатковых падпісчыкаў.

(Рысь: ) “Ну, калі нам яшчэ гэтых пяцьдзясят дабавяць, то ў нас будзе 76. Яе кепска набываюць, гэтую газэту. А дзе мы такія грошы возьмем? Сума немалая… 300 тысяч рублёў… І хто нас паслухае? Мы кажам нашаму кіраўніцтву, а нам усё роўна дабаўляюць і дабаўляюць”.

Усе супрацоўнікі “Менскай пошты”, а большасьць іх — жанчыны, якія маюць невялікі заробак, абураны тым, што іх прымушаюць распаўсюджваць “Советскую Белоруссию”. У аддзяленьні Савецкага раёну паведамілі:

(Мельнікава: ) “Мы выпісалі за свой кошт 60 экзэмпляраў да свайго пляну. Цяпер яшчэ сказалі 50. Канечне, за кошт прэміі. Нам прэмію далі за падпіску, вось мы і выпісалі за свой кошт”.

Паштарка лічыць, што гэта адбываецца з-за таго, што кіраўніцтва краіны ня ведае рэальнай сытуацыі:

(Мельнікава: ) “Прэзыдэнт жа кажа: “Вось які наклад!” 505 тысяч там “Советской”… А за кошт чаго гэты наклад?! Ціск з-за “Советской Белоруссии” жудасны. Мала таго, што нам у розьніцу дасылаюць “Советскую” і мы яе павінны на 100% рэалізаваць... Колькі разоў мы прасілі падпісацца на газэту! Нам кажуць: “Чаму вы прымушаеце мяне падпісвацца на “Советскую Белоруссию”? Я не хачу і ня буду”. Вось такімі мэтадамі мы дабіваемся такіх накладаў”.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка “Менскай пошты” Валянціна Пугач не абвергла інфармацыю аб тым, што накіравала распараджэньне, але камэнтаваць яго адмовілася. Яе больш цікавіла тое, як службовая інструкцыя трапіла да журналістаў і хто з супрацоўнікаў пагадзіўся размаўляць зь імі.

(Пугач: ) “А як гэты ліст апынуўся ў вас? Я хачу ведаць, якое канкрэтна аддзяленьне сувязі вам перадала тое, што даецца для службовага карыстаньня?”

(Карэспандэнтка: ) “Я патэлефанавала недзе ў шаснаццаць аддзяленьняў з раніцы па сьпісе. Мне патрэбны ваш камэнтар, калі вас абвінавачваюць”.

(Пугач: ) “Які вам камэнтар можа быць наконт службовага распараджэньня, якое дадзена структурным падразьдзяленьням “Белпошты?!”

Андрэй Дынько, рэдактар недзяржаўнай газэты “Наша Ніва”, так пракамэнтаваў сытуацыю:

(Дынько: ) “У краіне фармуецца попыт на сапраўды сумленнае слова, на інфармацыю. Калі паштарка Ірына са свайго 200-тысячнага заробку аддае 40 тысяч на напампоўваньне гэтай ідэалягічнай машыны прамыўкі мазгоў, то папросту… Захаваюцца ж гэтыя лісты ад яе начальства, а таксама справаздачы “Советской Белоруссии” ў адміністрацыю прэзыдэнта. Тады, калі цяпер адбудуцца перамены, каб кожныя 40 тысяч былі кампэнсаваныя гэтай Ірыне. А кампэнсаваць іх будуць канкрэтныя людзі, якія займаліся прамыўкай мазгоў. Толькі такім чынам мы зможам пазьбегнуць гэтай сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG