Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе збор подпісаў? (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Штабы прэтэндэнтаў падлічваюць сабраныя подпісы і заяўляюць пра ўціск і перашкоды з боку ўладаў.

Паводле апошніх зьвестак, за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча сабрана больш як 66 тысяч подпісаў. За Аляксандра Казуліна падпісаліся каля 80 тысяч выбарцаў. Ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча сабрала каля 82 тысяч подпісаў. У штабе Зянона Пазьняка паведамляюць, што колькасьць выбарцаў, якія падпісаліся, перавысіла 40 тысяч. Пакуль ніякай інфармацыі пра подпісы не падаюць ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Скрабца і Валерыя Фралова.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы спадара Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў сказаў, што подпісы пачалі зьбіраць хутчэй:

(Бухвостаў: ) “Праз два дні мы можам гаварыць пра сабраныя 100 тысяч. Сутачны тэмп — каля 10 тысяч”.

Паводле спадара Бухвостава, улады па-ранейшаму перашкаджаюць зборшчыкам.

(Бухвостаў: ) “Гэта тэндэнцыя. Прасьцей сказаць, дзе не перасьледуюць, — перашкаджаюць усюды збору подпісаў. Ідзе суцэльны ціск на людзей. Але людзі ўсё роўна ідуць, таму што хочуць пераменаў”.

Мечыслаў Грыб, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна, кажа, што паступае новая інфармацыя пра ціск на зборшчыкаў подпісаў. Сёньня ў Рэчыцы міліцыянты затрымалі сябраў ініцыятыўнай групы на мясцовым рынку. Штаб рыхтуе звароты ў Цэнтральную камісію і генпракурору адносна дзеяньняў міліцыі.

(Грыб: ) “Дзесьці супрацоўнікі міліцыі здабылі сьпісы сяброў ініцыятыўнай групы. Мяркую, што ў камісіі. Пачынаюць тэлефанаваць, папярэджваць, каб яны не зьбіралі подпісаў за Казуліна. Пачынаюць іх палохаць. У асобных раёнах, у асобных месцах улада хоча выслужыцца больш за іншых”.

Сяргей Гайдукевіч цьвердзіць, што самі прэзыдэнцкія выбары — гэта адміністрацыйны рэсурс.

(Гайдукевіч: ) “Гэта барацьба паміж канкурэнтамі. Ці тут трэба цяпліцу паставіць і сказаць — ласкава запрашаем? У якой краіне можа быць бязь ціску адміністрацыйнага рэсурсу?”

Тым часам, дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на крыніцы ў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі паведамляе, што ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку сабрала ўжо 930 тысячаў подпісаў.

Варта адзначыць, што падчас папярэдняй кампаніі па выбарах прэзыдэнта ў 2001 годзе ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі за увесь пэрыяд збору сабрала 396 тысячаў 380 подпісаў, менавіта столькі было прадстаўлена ў Цэнтарвыбаркам для рэгістрацыі. Цяпер жа, за 16 дзён да завяршэньня гэтага этапу кампаніі, ужо паведамляецца пра тое, што за Лукашэнку сабрана больш чым у два разы болей подпісаў, чым тады за ўвесь пэрыяд збору – 930 тысячаў падпісаў, сабраных за Аляксандра Лукашэнку, складае 13% ад агульнай колькасьці грамадзянаў Беларусі, што маюць права голасу.

Фотарэпартаж


Збор подпісаў за А.Казуліна ў падземным пераходзе





Зборшчык подпісаў за Зянона Пазьняка





Збор подпісаў за А.Мілінкевіча


XS
SM
MD
LG