Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаў задаволены беларускімі турмамі. А вязьні?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў назваў станоўчымі вынікі працы беларускіх турэмшчыкаў у мінулым годзе. Ці пагодзяцца з гэткай высновай тыя, хто спазнаў, што значыць быць вязьнем у Беларусі?

11 студзеня ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў падсумавалі вынікі працы за мінулы год. Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў назваў гэтыя вынікі станоўчымі, асабліва адзначыўшы, што ўзрасла дысцыпліна турэмшчыкаў і тых, каго яны ахоўваюць. Летась зь беларускіх турмаў не было ўцёкаў, палепшыліся ўмовы ўтрыманьня вязьняў, адзначыў Уладзімер Навумаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, 2005 год за кратамі ў Беларусі сустрэлі больш за 43 тысячы чалавек — краіна на той час займала 5-е месца ў сьвеце па колькасьці вязьняў на 1 тысячу жыхароў. У траўні была праведзена амністыя да Дня Перамогі, пасьля якой на волю выйшлі 7 тысяч вязьняў. Улады заявілі, што амністыя засьведчыла перавыхаваньне былых злачынцаў.

Праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі з гэтым ня згодны. Ён адзначае, што амністыі ў Беларусі здараюцца штогоду, але злачыннасьць ня меншае.

(Маркушэўскі: ) “На мой погляд, амністыя не дадае міласэрнасьці ў грамадзтве. Яна скіравана толькі на тое, каб вызваліць месца для іншых вязьняў. Між тым, трэба вырашаць праблему іншым чынам: праз выхаваньне кожнага чалавека ў грамадзтве і рэформу сыстэмы правасудзьдзя”.

У 2005 годзе ў беларускіх турмах і калёніях знаходзіліся і тыя вязьні, каго ў сьвеце лічаць палітычнымі. Гарадзенскі прадпрымальнік Аляксандар Васільеў быў асуджаны на два гады за распаўсюд улёткі, якую суд палічыў антыпрэзыдэнцкай. Аляксандар Васільеў перакананы, што беларускія вязьні ў турме яны рызыкуюць здароўем і нават жыцьцём.

(Васільеў: ) “У 108-й камэры гарадзенскай турмы, дзе я сядзеў, над маім ложкам быў ложак хворага на сухоты, Вані. Калі я сказаў турэмнаму доктару, што хлопец хворы, доктар адказаў, што гэта не адкрытая форма. Але ж яна сёньня не адкрытая, а заўтра ўжо адкрытая!”

Болей як паўтара году ў Івацэвіцкай калёніі знаходзіцца яшчэ адзін гарадзенскі прадпрымальнік, кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. Днямі яго агледзеў дантыст і паставіў несуцяшальны дыягназ — адразу адзінаццаць зубоў і каранёў невылечныя, іх тэрмінова трэба выдаляць. Прычым, за гэта вязьню прыйдзецца заплаціць болей за 150 тысяч рублёў. Валер Леванеўскі напісаў сыну Ўладзімеру з калёніі, што хворыя зубы — тыповая зьява ў беларускіх турмах, дзе харчаваньне вельмі дрэннае.

(Леванеўскі: ) “Бо там не хапае вітамінаў ды іншых патрэбных рэчываў. Тых жа салатаў не даюць. Харчуюць, толькі каб людзі набілі страўнік, не адчувалі пачуцьця голаду”, — кажа сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі.
XS
SM
MD
LG