Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зацьверджана сымболіка перадвыбарчай кампаніі А.Мілінкевіча


Радыё Свабода 11 студзеня перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча зацьвердзіў сымболіку кампаніі кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі: знак, шрыфты напісаньня, лягатып, лёзунгі. Кампанія ня будзе мець свайго адмысловага колеру, перадвыбарчая атрыбутыка будзе афармляцца сінім, белым і чырвоным. Атрыбутыку распрацоўваць і штабы іншых кандыдатаў.

Сымбалем перадвыбарчай кампаніі Мілінкевіча стала літара “М” у выглядзе чырвонай птушкі на сіне-белым фоне. Прэсавы сакратар Мілінкевіча Павал Мажэйка назваў яе знакам свабоды. Распрацаваную адмыслоўцамі перадвыбарчую атрыбутыку ацэньвалі фокус-групы, якія абралі найлепшы варыянт. Зацьверджаны і перадвыбарчыя лёзунгі кампаніі Мілінкевіча, але ў штабе вырашылі іх не публікаваць да пачатку агітацыйнай кампаніі. Намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі так растлумачыў сэнс ухваленага перадвыбарчага знаку:

(Дабравольскі: ) “Чырвоная птушка, якая ўзьляцела, сымбалізуе і свабоду, і еднасьць дэмакратычных сілаў, таму што мы з прыблізна падобнага сымбалю пачыналі аб’яднаньне, і знак вікторыі — перамогі, і нагадвае адзнаку ў бюлетэні, а таксама сымбалізуе літару “М” у пачатку прозьвішча Мілінкевіч”.

Паводле спадара Дабравольскага, нейкага адмысловага колеру кампаніі кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі ня будзе. На гэты конт было сур’ёзнае абмеркаваньне, але вырашылі не паўтараць чыйгосьці досьведу.

У перадвыбарчых штабах іншых патэнцыйных кандыдатаў выпрацоўваюць сваю сымболіку. Аляксандар Казулін, напрыклад, вырашыў зьвярнуцца да гістарычнай беларускай сымболікі — бел-чырвона-белай:

(Казулін: ) “Яна ня проста гістарычная, гэта яшчэ сымболіка даўніх хрысьціянскіх традыцыяў беларусаў. Гэта чырвоная кроў на белай плашчаніцы Хрыстовай… На гэтай чысьціні мы гатовыя ахвяраваць сваёй крывёй дзеля дасягненьня нейкіх вышэйшых ідэалаў”.

Тым часам сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі ў людных месцах Менску ходзяць з плякатамі і стужкамі чырвона-зялёнага колеру.
XS
SM
MD
LG