Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уступленьне ў Эўразьвяз і прымусовая беларусізацыя прывялі б Беларусь да катастрофы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Амаль ва ўсіх лістах, якія мы атрымліваем у гэтыя студзеньскія дні, так ці інакш закранаецца тэма прэзыдэнцкіх выбараў. Пры гэтым значная частка аўтараў допісаў лічыць, што вынік выбарчай кампаніі вызначаны наперад.

Адна з тых, хто мяркуе, што годнай альтэрнатывы дзейнаму прэзыдэнту на сёньня няма — наша актыўная слухачка і апанэнтка Яўгенія Кучынская з пасёлку Радунь Воранаўскага раёну. У сваім папярэднім лісьце, які прагучаў 18 сьнежня, спадарыня Кучынская ўхваляла нядаўна прынятыя палітычныя папраўкі да Крымінальнага кодэксу. І пры гэтым вельмі непрыязна выказвалася на адрас “Свабоды” — многія ейныя сэнтэнцыі праз гэта нават цытаваць не выпадала: столькі ў іх было нядобразычлівасьці і нават лаянкі. Чарговы ліст ад спадарыні Кучынскай больш стрыманы.

“Таму і пісала вам зь нянавісьцю, што несправядлівасьць і хлусьня адштурхоўваюць ад сябе, — піша слухачка. — Вельмі шмат у вас неістотнага. Увесь час адно і тое ж: Курапаты ды Аўтуховіч. Усе вушы прадудзелі рознай драбязой. Чаму няма справы? Чаму Мілінкевіч не расказвае па радыё сваю праграму? Што ён прапануе народу? Як палепшыць ахову здароўя, сыстэму адукацыі, сельскую гаспадарку ды іншае? Цяпер мы лечымся бясплатна, вучымся таксама. І калгасы працуюць. Прынамсі, у магазінах усё сваё і ўсяго хапае. Людзі занятыя. А што дасьць нам Мілінкевіч?

Усе мы цудоўна бачым жыцьцё ў Літве, Польшчы, ва Ўкраіне. Ня дай Бог нам такога. Я шмат разоў была ў Літве, Польшчы. Людзей там кінулі на волю лёсу: выжывай як хочаш. За ўсё трэба шмат плаціць. А дзе ўзяць, калі вельмі вялікае беспрацоўе? У Літве палі зарасьлі быльнягом, народ ня мае працы. Вось вам і свабода слова. Калі ласка — гавары, што хочаш, хоць трэсьні. А хто цябе слухае, якая ад гэтых словаў карысьць? Мы жывем, у параўнаньні з суседзямі, выдатна. Наш прэзыдэнт і ўрад стараюцца ад душы, і ў іх атрымліваецца. Мы задаволеныя”.

Можна парадавацца, спадарыня Кучынская, за вас — за тое, што ў вашай мясцовасьці, як вы пішаце, і людзі працай у калгасе задаволеныя, і лечаць у мясцовай паліклініцы бясплатна і якасна, і школа добрая. Магчыма, гэта і так. У многіх у Беларусі, аднак, усё па-іншаму. Мы атрымліваем шмат паведамленьняў з розных куткоў краіны пра тое, як у вёсках закрываюць фэльчарска-акушэрскія пункты і амбуляторыі, як моладзь імкнецца любымі шляхамі пакінуць калгасы, бо на мізэрныя заробкі немагчыма пракарміць сям’ю… Праўдзівасьць, аб’ектыўнасьць інфармацыі — адзін з галоўных прынцыпаў дзейнасьці нашага радыё, спадарыня Кучынская.

Што да гісторыі з ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, то гэта зусім не другарадная тэма. Адстойваючы ўласныя правы, гэты чалавек больш як два месяцы трымаў галадоўку пратэсту ў турэмнай камэры. Ягонаму жыцьцю пагражала рэальная небясьпека. І, нарэшце, наконт выбарчай тэмы. Аляксандар Мілінкевіч, як і ўсе іншыя прэтэндэнты, якія цяпер зьбіраюць подпісы выбаршчыкаў для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, меў і мае магчымасьць выказвацца ў нашых перадачах. Слухачы ўжо ня раз чулі яго ў эфіры “Свабоды”, у тым ліку і адказы на пытаньні пра ягоную палітычную праграму. Натуральна, гэтая тэма часта будзе гучаць і далей, на працягу ўсёй выбарчай кампаніі.

Аўтар наступнага ліста —Барыс Руцько зь Менску:

“Ні Мілінкевіч, ні Казулін, ні Фралоў, ні Пазьняк у цяперашніх умовах перамагчы Лукашэнку ня здольныя. Гэта нават дзіцяці зразумела. Калі б выбары былі сумленнымі і справядлівымі, дык Лукашэнка, я думаю, набраў бы ад 53% да 59% “за”. Але ж у выніку абвесьцяць, што ён набраў больш за 80%. Дык навошта апазыцыі такія выбары? Вядома, уладзе выгадна, каб у выбарах удзельнічалі кандыдаты ад апазыцыі. Потым можна будзе сказаць: “Вось бачыце, і яны ўдзельнічалі. Мы былі ў аднолькавых умовах. Але дзейны прэзыдэнт працуе, а яны толькі балбочуць. Вось народ і зрабіў свой выбар”. На маю думку, у такіх умовах усе апазыцыйныя сілы павінны абвясьціць выбарам байкот”.

За апошняе дзесяцігодзьдзе, спадар Руцько, было некалькі спробаў абвясьціць байкот той ці іншай выбарчай кампаніі. Да байкоту, у прыватнасьці, ня раз заклікалі прыхільнікі Зянона Пазьняка. Але гэтая тактыка ні разу не даказала сваёй эфэктыўнасьці. І падчас гэтай выбарчай кампаніі пра байкот ужо не гаворыць нават Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

Увогуле, аб’яднаная апазыцыя на восеньскім Кангрэсе дэмакратычных сілаў абрала іншую стратэгію. І наўрад ці яна адмовіцца ад яе да 19 сакавіка.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце, разважаючы пра пачатак выбарчай кампаніі, схіляецца да высновы, што дэмакратычнаму кандыдату неабходная новая, арыгінальная ідэя разьвіцьця грамадзтва, якая магла б завабіць большую частку беларускага насельніцтва.

“Цяпер такой ідэяй можа стаць ідэя тэхнічнай краіны, як адной суцэльнай Крэмніевай даліны, — піша Алесь Марціновіч. — Лібэральная і касмапалітычная ідэя — адзіны практычны шанец ажыцьцявіць у Беларусі зь ейным спэцыфічным насельніцтвам дэмакратычныя пераўтварэньні. Па сутнасьці, гэта шлях Канады (новай індустрыяльнай краіны без старажытнай гісторыі, з гатовай мовай, без усясьветных амбіцыяў). Няма чаго беларусам маліцца на Міндоўга і Вітаўта. Атрымалі мову Пушкіна ад Брэжнева ў час СССР — і дзякуй Богу. Гайда ў постіндустрыялізм! У гэтым — выйсьце і панацэя.

Як і Швайцарыя ці Нарвэгія, Беларусь не павінна пераймаць прыклад суседзяў і на злом галавы ляцець у Эўразьвяз ды абсталёўваць мяжу з Расеяй. У гэтым будзе ўнікальнасьць беларускай мадэлі. Уступленьне любой цаной у Эўразьвяз і прымусовая беларусізацыя прывялі б да катастрофы, перавярнулі б краіну, зьвялі на нішто перавагі яе геаграфічнага становішча. Ангельская мова і адкрытая мяжа з ЗША не замінаюць Канадзе і канадцам быць унікальнай і разьвітай краінай. Гэтак і Беларусь павінна стаць не краінай беларусізацыі і зоны эўра, а менавіта Швайцарыяй і Крэмніевай краінай, якая хітра выкарыстоўвае сваё становішча паміж Вялікім Усходам і Вялікім Захадам.

Ісьці ў рынкавую дэмакратыю, безь сяброўства ў Эўразьвязе і НАТО, быць касмапалітамі, афшорам на стыку цывілізацыяў — вось выйсьце для Беларусі. Самазабойства для палітычнай будучыні Мілінкевіча — шмат гаварыць і выступаць на беларускай мове. Прагматычны падыход у іншым. Мова Шэксьпіра стала тэхнічнай мовай ЗША, Канады, Аўстраліі. Ніхто адмыслова не прыдумляў новай амэрыканскай мовы, ня ўводзіў мовы іракезаў (як аўтахтонаў). Гэтак і ў Беларусі — прыярытэт расейскай мовы павінен застацца навечна — у тэхнічна-дзелавой сфэры ў праекце будучай “Крэмніевай Беларусі”.

А чаму, спадар Марціновіч, гэтая з такім замілаваньнем апісаная вамі гіпатэтычная “Крэмніевая Беларусь” (квітнеючая, ад усіх незалежная, высокатэхналягічная) павінна будавацца менавіта на грунце расейскай мовы? Высокія тэхналёгіі, сучаснае абсталяваньне, кампутарная тэхніка — усё гэта зусім не расейскага паходжаньня. Дык чаму адразу не арыентавацца на перашакрыніцу — на тую мову, з дапамогай якой пераважна і рухаюцца ўсе найбольш сучасныя тэхналёгіі? І дзеля чаго пры гэтым адмаўляцца ад беларускай мовы? Чаму ня могуць на роўных правах суіснаваць, напрыклад, беларуская, ангельская і расейская?

Для даведкі: у Швайцарыі, якую вы ў сваім лісьце шматкроць прыводзіце як узор і прыклад для перайманьня, чатыры афіцыйныя мовы. Адна зь іх — рэтараманская, хоць рэтараманцаў у краіне ўсяго 1%.

Узьнікаюць у сувязі з вашымі, спадар Марціновіч, развагамі і іншыя пытаньні? Да прыкладу: чаму вы лічыце несумяшчальным ганарыцца сваёй старажытнай гісторыяй і адначасова будаваць сучасную дэмакратычную і рынкавую дзяржаву? Няўжо адно другому замінае?

На заканчэньне кароткі ліст-заўвага ад Алеся Шустоўскага з Барысава:

“Лічу, што шэсьць гадзінаў запар гучаньня “Свабоды” у эфіры ўвечары — зашмат. Трэба, каб “Свабода” гучала і ўдзень — хаця б адну-дзьве гадзіны. Увогуле ж, падачай інфармацыі задаволены. Толькі аб’ектыўнасьць, цытаваньне зь першых вуснаў ды апэратыўнасьць прывабліваюць патэнцыйных слухачоў”.

З дапамогай сацыёлягаў, спадар Шустоўскі, мы дасьледавалі сваю патэнцыйную аўдыторыю. Удзень, пасярод працоўнага дня, слухаць радыё на кароткіх хвалях мае магчымасьць ня надта значная частка людзей.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Васіль Місюгін, Марыя Сіліч і Аляксандар Касінскі зь Менску, Уладзімер Канаеў з Касьцюковічаў, Алесь Шустоўскі з Барысава, Мікалай Лабанаў з Магілёва і Міхаіл Гранкоўскі зь Дзятлава. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG