Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрымалі фальшывых “бацюшкаў” зь беларускімі пашпартамі


Ігар Карней, Менск У расейскай сталіцы затрыманая група махляроў, якія пад выглядам праваслаўных сьвятароў зьбіралі ахвяраваньні ў фірмаў і прыватных асобаў нібыта на будаўніцтва храмаў. Як паведамілі ў Галоўным упраўленьні ўнутраных справаў Масквы, афэрысты мелі да 25 тысяч даляраў штомесяц. Каманда ілжэбацюшкаў аказалася інтэрнацыянальнай, сярод затрыманых ёсьць і тры грамадзяніны Беларусі.

Ідэйным натхняльнікам гэтай авантуры аказаўся жыхар расейскай сталіцы, а непасрэднымі выканаўцамі ролі сьвятароў былі беларусы і ўкраінцы. Як паведамілі ў Галоўным упраўленьні ўнутраных справаў Масквы, некаторыя зь іх раней ужо былі асуджаныя за разбойныя напады ў Беларусі. А пасьля выхаду на волю вырашылі паспрабаваць сябе ў мастацтве пераўвасабленьня.

(Супрацоўніца ўпраўленьня: ) “Такая інфармацыя ёсьць у нашых зводках. Дакладна было затрыманьне, але пакуль вядзецца сьледзтва, сказаць штосьці адносна грамадзянаў Беларусі, якія, я так разумею, вас у першую чаргу цікавяць, мы нічога ня можам. Займаецца гэтым упраўленьне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Ім трэба яшчэ дакладна аднавіць падзеі”.

У амбасадзе Беларусі ў Маскве спраўдзіць гэтую інфармацыю не ўзяліся. Супрацоўнік дыпляматычнага ведамства Аляксандар Гардзейчык сказаў, што амбасада адгукаецца на любы зварот суайчыньнікаў, але вакуўм вакол беларускіх махляроў сьведчыць толькі пра тое, што яны знаходзіліся ў Маскве нелегальна.

(Гардзейчык: ) “З аднаго боку, вы, быццам, да нас правільна зьвярнуліся, а зь іншага — не. Рэч у тым, што мы кіруемся інфармацыяй, якая трапляе ў амбасаду ад расейскіх сілавікоў. Сваіх уласных расьсьледаваньняў мы ня маем права праводзіць у Расейскай Фэдэрацыі. Да таго ж, у Расеі былі працяглыя калядныя вакацыі, народ толькі-толькі пачынае раскачвацца, учора першы дзень на працу выйшлі. Таму ня выключана, што нейкая інфармацыя да нас проста не дайшла”.

Зь інфармацыі ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, якая дазволеная да друку, стала вядома, што ў махляроў знайшлі падробныя пячаткі і скрыні для збору ахвяраваньняў. Паводле самых сьціплых падлікаў, штомесяц прыбытак фальшывых бацюшкаў складаў 25 тысяч даляраў. Асноўнымі ахвярамі махляроў былі сярэднія камэрцыйныя фірмы, кіраўнікі якіх досыць ахвотна давалі грошы на ўзьвядзеньне, як аказалася, прывідных храмаў.

У Япархіяльным упраўленьні Менскага экзархату кажуць, што выпадкі спэкуляцыі на рэлігійных пачуцьцях нярэдкія ня толькі на бязьмежных абшарах Расеі, але і ў адносна невялікай Беларусі. Асабліва гэта тычылася пачатку 1990-х, калі царква актыўна вярталася ў грамадзтва. Гаворыць прадстаўнік упраўленьня Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “Гэта спэкуляцыя на рэлігійных пачуцьцях грамадзянаў. Асабліва гэта было ўласьціва часу, калі хваля духоўнага адраджэньня толькі пачыналася; такое здаралася нярэдка. Калі яшчэ цьвярозае мысьленьне толькі нараджалася, калі была проста эўфарыя — як гэта цудоўна і здорава, што вяртаецца царква, тады гэтым карысталіся дзеля сваёй выгоды. Гэта не масавы, дзякуй Богу, характар мела. Да таго ж, прынятыя захады дзеля таго, каб падобнага ўсё ж не было”.
XS
SM
MD
LG