Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Іосіфу Сярэдзічу ня варта зьвяртацца да Лукашэнкі па абарону сваіх канстытуцыйных правоў".


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 11 студзеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар:) “Я пачуў па вашаму радыё, што Мілінкевіч Аляксандар ужо наведаў Францыю. А што яму там рабіць? Што ён туды паклёпнічаць на Беларусь паехаў? Пры чым тут Францыя? Пры чым тут Польшча? Да людзей ідзі! Пакажы сваю праграму! А то мы нават ня ведаем, што ён на ўвазе мае! З намі ўсё абмяркоўвай, а ня езьдзі па краінах! Ідзі да народу, пакажы, што ты хочаш!”

(Спадарыня:) “Патлумачце, калі ласка, як гэта Пазьняк Зянон, пражываючы за мяжой, зьбіраецца кіраваць нашымі беларусамі?

І другое. Палякі, якія сунуць свой нос у нашу Беларусь, хай лепш пастараюцца забясьпечыць сваіх бамжоў жыльлём і ежай! Ці яны хочуць давесьці нашу Беларусь да такога становішча, да якога яны Польшчу давялі?”

(Спадар:) “Радыё Свабода! Я зьвяртаюся да беларускага народу. Хто ў Бога веруе і любіць Беларусь, той павінен падтрымаць нашага прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча!

Калі ён размаўляе па-беларуску, у мяне нават душа радуецца. Ён разумны, добры гаспадар. А калі Гайдукевіч гаворыць на бальшавіцкай мове, ён жа такі самы як Лукашэнка. Гэта “синий туман похож на обман”. І як заўсёды іншага нічога на зямлі няма. Прыйдзе канец гэтым сталіністам і Дзяржынскім!”

(Уладзіслаў:) “Добры дзень! Я мяркую, што Іосіфу Сярэдзічу ня варта зьвяртацца да Лукашэнкі па абарону сваіх канстытуцыйных правоў. Такія звароты толькі надаюць Лукашэнку моцы. Калі д’ябал спакушаў Хрыста, ён сказаў: “Я аддам табе ўсю ўладу, калі ты паклонісься мне”. Хаця зло ад самога д’ябла і паходзіць”.

(Спадарыня, Ліда) “Добрай раніцы, шаноўная Свабода! Чую, што ідзе збор подпісаў. Гэта мусіць добра. Але вось што хачу параіць. У нас шмат нацыянальнасьцяў: габрэі, мусульмане, беларусы, палякі, дык трэба, каб пад час агульнага галасаваньня кожная нацыянальнасьць галасавала ў асобную скрыню. Вось тады і будуць разьбіраць, хто за каго і што. Я думаю, што так будзе лепей”.
XS
SM
MD
LG