Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра прычыны крызісу ва Ўкраіне


Радыё Свабода Вярхоўная Рада Ўкраіны адправіла ў адстаўку ўрад Юрыя Еханурава. Аглядальнікі мяркуюць, што гэта стала непасрэдным вынікам палітычнай рэформы, якая пачала дзейнічаць з 1 студзеня і паводле якой паўнамоцтвы парлямэнту істотна пашыраныя, а прэзыдэнта — абмежаваныя. Што думаюць пра прычыны палітычнага крызісу ва Ўкраіне беларускія палітыкі?

Былы кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч лічыць, што канфлікт ва Ўкраіне справакаваны Масквой:

(Шушкевіч: ) “Гэта дзеяньні Расеі, скіраваныя на разбурэньне, на дэстабілізацыю ўкраінскай палітычнай сыстэмы. Расея цярпець ня можа, што Ўкраіна хоча ісьці самастойным шляхам. А дэстабілізаваць сытуацыю праз газ было вельмі лоўка. А парлямэнцкая рэспубліка — гэта зусім нядрэнна. І Ўкраіна падрыхтавана, каб быць парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай”.

Старшыня камісіі ў міжнародных справах Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец цьвердзіць, што адстаўка ўраду Еханурава вынікла з шэрагу абставінаў — і найперш таму, што Ўкраіна ня вызначылася са сваёй палітыкай і таму часам рухаецца як ківач, ад краю да краю:

(Чаргінец: ) “Зьяўляецца гэта вынікам унутрыпалітычнага крызісу? Ці, магчыма, перабудовы ўлады ў краіне? Альбо няяснай палітыкі Ўкраіны на міжнароднай арэне? Гэта ўсё разам узятае. Адбываецца барацьба розных палітычных груповак за ўладу. І гэта яшчэ як бы рэха леташніх прэзыдэнцкіх выбараў”.

Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў лічыць, што з адстаўкі ўкраінскага ўраду нельга рабіць трагедыі, бо зьмена ўраду — звычайная справа ў дэмакратычных краінах. Вярхоўная Рада скарыстала газавы канфлікт у сваіх інтарэсах і паказала ў дзеяньні палітычную рэформу, якая зьмяніла балянс галінаў улады. Спадар Фадзееў нагадвае, што, калі ў Беларусі рыхтавалі Канстытуцыю 1994 году, дык было некалькі сцэнароў дзяржаўнага ўладкаваньня:

(Фадзееў: ) “Былі самыя розныя варыянты: і парлямэнцкая рэспубліка, і прэзыдэнцкая, і парлямэнцка-прэзыдэнцкая. Ёсьць такая думка (і я яе прытрымліваюся), што ў пераходны час прэзыдэнт павінен быць ня вельмі слабы. Я не дапускаю, асабліва на гэты час, каб быў прэзыдэнт, як, прыкладам, у Нямеччыне, якога называюць фігурай для пацісканьня рук. Павінна быць парлямэнцка-прэзыдэнцкая ці прэзыдэнцка-парлямэнцкая рэспубліка. Але вельмі ўраўнаважаная — калі, напрыклад, урад справаздачны перад парлямэнтам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG