Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараецца ўласнае “мастацтва ў падпольлі”


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбудзецца канцэрт папулярнага сярод беларускай моладзі рок-гурту “Нэйра-Дзюбель”. А ўчорашнім вечарам прэм’еру спэктакля “Тэхніка тэатра ў беспаветранай прасторы” паказаў “Свабодны тэатар”. Для абедзьвюх імпрэзаў былі выбраныя невялікія менскія клюбы. Крытыкі адзначаюць, што гэткім чынам у Беларусі нараджаецца падпольнае мастацтва.

Арганізатарамі канцэрту сталі менскія студэнты з шэрагу заўзятараў “Нэйра-Дзюбеля”, якія засумавалі па выступленьнях сваіх куміраў. Вось што паведаміў адзін зь іх, Зьміцер.

(Зьміцер: ) “Мы дамовіліся з клюбам, з апаратураю, з гуртом. Зрабілі квіткі, такую-сякую рэкляму й па знаёмых, па тэлефоне сабралі народ, можна сказаць”.

Паводле Зьміцера, квіткі, інфармацыя пра час і месца правядзеньня канцэрту перадаваліся толькі праз добрых знаёмцаў. Усё гэта з мэтай кансьпірацыі, каб у апошні момант улады не адмянілі заплянаваную імпрэзу, як здаралася ужо шмат разоў раней. Гэткі засакрэчаны канцэрт “Нэйра-Дзюбель” будзе граць упершыню, – кажа лідэр гурту Аляксандр Куллінковіч.

(Куллінковіч: ) “Так, гэта ўпершыню такое. Адчуваньне горычы, што дажылі да такога – публіку абтэлефаноўваць. Мне нават знаёмыя тэлефануюць і пытаюцца пра канцэрт, а я ім кажу: спадарства, я ведаю ня больш за вас. Бо нават для мяне сакрэт, дзе гэта ўсё будзе адбывацца”.

Гаварыў лідэр гурту “Нэйра-Дзюбель” Аляксандр Куллінковіч. Для заснавальніка й кіраўніка “Свабоднага тэатру” Мікалая Халезіна ўчорашняя “падпольная”, так бы мовіць, прэм’ера была ўжо трэцяй: раней спэктаклі “Псыхоз” і “4.48” ужо ставіліся на прыватных кватэрах ці ў невялікіх клюбах. Гэткім чынам, у Беларусі складаецца пляст падпольнай культуры, – кажа спадар Халезін.

(Халезін: ) “Натуральна, што падпольная, але залі ў нас заўсёды поўныя. Гэта абсалютна зьява супраціву. Гэта тое, чаго ў Беларусі не хапала. Гэта іншая эстэтыка, і таму яна забароненая”.

Паводле спадара Халезіна, і артысты, і гаспадары кватэраў, арэндаваных пад тэатар, ужо зьведалі перасьлед. У Міністэрстве ж культуры заяўляюць, што нічога пра засакрэчаныя імпрэзы ня ведаюць, але ставяцца да іх добра. Гаворыць супрацоўнік управы Ўладзімер Анціповіч.

(Анціповіч: ) “Афіцыйна ў мяне такой інфармацыі няма, у міністэрстве культуры таксама. Добра ставімся, калі людзям гэта падабаецца, калі гэта не супярэчыць заканадаўству. А калі пасьля 11 гадзінаў вечара гэта некага будзе бянтэжыць, і ён пакліча нейкія сілавыя структуры, то я ня ведаю, як гэта ўсё можа адбывацца і ў якой форме”.

Гаварыў супрацоўнік управы Міністэрства культуры Ўладзімер Анціповіч. Тым ня менш, вядома, што ў Менску таксама запачаткаваная ініцыятыва альтэрнатыўных конкурсаў вясёлых і знаходлівых, мастацкіх выставаў. А рэдактар часопіса “Партызан”, мастак Артур Клінаў увогуле арганізаваў прэзэнтацыю першага нумару ў вагоне электрычкі... Паводле спадара Клінава, дзьве плыні ў беларускай культуры існуюць стала й ня першы год.

(Клінаў: ) “Па-першае, гэтая зьява існуе ўжо шмат гадоў: на Беларусі існуюць дзьве культуры – культура афіцыйная й незалежная. Гэта нездаровая сытуацыя, бо культура мусіць быць цэльнай. А гэтая падвоенасьць – яна абсалютная шкода для ўсіх: для дзяржавы, для культуры, для народу”.

Таксама стала вядома, што сіламі прыватных асобаў ва ўмовах ананімнасьці распачалося стварэньне музычнага альбому “Песьні свабоды”. Яго складуць найбольш папулярныя песьні вядомых беларускіх выканаўцаў паводле ананімнага інтэрнэт-галасаваньня.

Складальнікі музычнага альбому “Песьні Свабоды” пра мэты сваёй ініцыятывы заявілі гэтак: “Мы маем задачу прапагандаваць вольную музыку Беларусі, якую не пачуеш ні па тэлевізары, ні па радыё, а таксама стварыць віртуальны фан-клюб, які б аб’ядноўваў людзей, неабыякавых да сваёй мовы, культуры і музыкі”.
XS
SM
MD
LG