Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касмэтычную зачыстку кадраў зьменіць “плястычная” апэрацыя?


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнага друку

Сёньня да чытача патрапіць першы ў гэтым годзе нумар «БДГ. Деловая газета». Аналітычнае выданьне зьвяртаецца да тэмы кадравых перастановак і адказвае на пытаньне: чаму прэзыдэнт тасуе сваё атачэньне? Са спасылкаю на крыніцы ва ўрадзе краіны “БДГ. Деловая газета” прагназуе, што за так званай “касмэтычнай зачысткай” надыходзіць час “плястычнай апэрацыі”.

Што чакае беларусаў, якія жадаюць наведаць Злучаныя Штаты Амэрыкі? Ці праўда, што больш жорсткім будзе мэханізм ідэнтыфікацыі асобаў? На гэтыя ды іншыя пытаньні “БДГ. Деловой газеты” адказвае афіцыйны прадстаўнік Амбасады ЗША ў Беларусі.

Ужо чатыры мільёны беларусаў, піша “БДГ.Деловая газета”, “селі на лятарэйную іголку”. Фэномэн масавага памкненьня хутка разбагацець дасьледуецца ў артыкуле “Хто купіў білетаў пачку...”

Рэгіянальнае газэта “Витебский курьер” зьвяртаецца да тэмы злачынстваў у беларускім войску. Паведамляецца, што ў асобным пошукавым батальёне камандзір загадваў салдатам легчы на падлогу і асобных зьбіваў нагамі. Жывёльны мэтад афіцэра перанялі стараслужачыя. Маёр цяпер звольнены, а некаторыя так званыя “дзяды” прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці за зьнявагу навабранцаў, піша “Витебский курьер».

Пра галоўную тэму сьвежага нумару тыднёвіка “Мясцовы час” паведамляе зь Пінску рэдактар Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “У сёньняшнім нумары матэрыял пра тое, як зьбіраюць подпісы ініцыятыўныя групы. Зьвяртаюцца людзі і скардзяцца, што іх прымушаюць падпісвацца за кандыдата на ўдзел у выбарах Аляксандра Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “У такім разе, Віктар, пэўна варта нагадаць, што менавіта ў Пінску міліцыянты затрымлівалі зборшчыка подпісаў за іншага кандыдата на ўдзел у выбарах. Што новага маеце паведаміць пра гэты канфлікт?”

(Ярашук: ) “Сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Аляксандра Аўсеянку тройчы забіралі ў міліцыю, спрабавалі скласьці пратаколы аб адміністрацыйным парушэньні. Аляксандр Аўсеенка напісаў скаргу ў тэрытарыяльную выбарчую камісію. І ліст Аляксандра Аўсеянкі мы таксама прыкладаем да гэтага матэрыялу”.
XS
SM
MD
LG