Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каго падпісваюцца беларускія прадпрымальнікі?


Радыё Свабода Якая тактыка ў камандах прэтэндэнтаў на прэзыдэнта ў працы з прадстаўнікамі дробнага бізнэсу?

Дробныя прадпрымальнікі – адна з найбольш масавых груп насельніцтва. Як сьведчыць статыстыка, у асноўным яны займаюцца гандлем на рынках. Адзін зь іх месьціцца на сталічным стадыёне “Дынама”.

(Карэспандэнт: ) “Ці былі ў вас зборшчыкі подпісаў?” (Спадар Анатоль: ) “Не было ў нас ніякіх зборшчыкаў”. (Спадарыня Ірына: ) “Не было пакуль”. (Карэспандэнт: ) “А калі да вас зьявяцца сябры ініцыятыўных груп, то за каго вы будзеце падпісвацца?” (Спадарыня Алена: ) “Мы ня ведаем”. (Спадарыня Ганна: ) “Будуць насіць – тады будзем вызначацца”. (Спадарыня Алена: ) “Няма ж кампаніі, каб можна было параўнаць іх”. (Спадар Антон: ) “Яшчэ, шчыра кажучы, і ня думаў на гэтую тэму”. (Карэспандэнт: ) “Імёны якіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнта вам вядомыя?” (Спадар Антон: ) “Мілінкевіч, Лукашэнка”.

У параўнаньні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі большасьць прадпрымальнікаў насьцярожана ставіцца да публічнага абмеркаваньня, ацэнак цяперашніх выбараў. Лідэр наваполацкіх бізнэсоўцаў Валеры Шаўчэнка патлумачыў гэта наступным чынам:

(Шаўчэнка: ) “Сам прэзыдэнт неаднаразова папярэджваў прадпрымальнікаў, каб яны ня лезьлі ў палітыку. Прадпрымальнікі наагул баяцца размоў на тэму выбараў. Чаму? Таму што ўсе яны затурканыя сваімі справамі. Зроблена ўсё, каб прадпрымальнік ня мог выбрацца са сваіх спраў і не займаўся палітыкай. За свой малы бізнэс яны баяцца”.

Тым ня менш дзесяткі дробных бізнэсоўцаў уваходзяць у ініцыятыўныя групы дэмакратычных прэтэндэнтаў. Той жа Валеры Шаўчэнка зьяўляецца сябрам каманды Аляксандра Казуліна і асабіста сабраў у Наваполацку дзьвесьце подпісаў.

(Шаўчэнка: ) “Я лічу, што ўсе прэтэндэнты, якія жадаюць стаць кандыдатамі – яны добра ставяцца да прадпрымальнікаў. І Мілінкевіч, і наш кіраўнік Казулін”.

У перадвыбарчых штабах усіх дэмакратычных прэтэндэнтаў дробных гандляроў сапраўды лічаць сваімі прыхільнікамі. Гаворыць намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча Аляксандр Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “З прадстаўнікамі малога прадпрымальніцтва мы даўно ў кантакце. І мы зь імі супрацоўнічаем. Магу сказаць, што сярод іх ідзе праца”.

Паводле спадара Дабравольскага, гэтую працу зь бізнэсоўцамі праводзяць найперш іхныя лідэры, што ўваходзяць у рэгіянальныя штабы Мілінкевіча. У прадпрымальніцкім асяродзьдзі распаўсюджваюцца зьвесткі пра палітычныя і эканамічныя погляды прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі. А ў некаторых рэгіёнах з прадпрымальнікамі сустрэўся і распавёў пра сябе сам Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG