Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "Зьвязу польскіх гарцэраў у Беларусі" – праблемы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польская прэса піша пра складаную сытуацыю, у якую беларускія ўлады паставілі польскіх гарцэраў у Беларусі, судовы працэс Андрэя Пісальніка і хуткі пачатак радыё і тэлевяшчаньня на Беларусь, фінансаванага Эўразьвязам.

“Радыё і тэлевяшчаньне на Беларусь пачнецца яшчэ перад сакавіцкім выбарамі” – паведамляюць сёньня са спасылкай на Эўрапейскую камісію “Gazeta Wyborcza” i “Rzeczpospolita”. Газэты адзначаюць, што сярод чатырох кампаніяў, што выйгралі першы этап тэндэру на эўразьвязаўскае фінансаваньне, ёсьць таксама кансорцыюм Польскага грамадзкага тэлебачаньня і Радыё Беласток. “Rzeczpospolita” піша і пра прайграны судовы працэс гарадзенскага журналіста Андрэя Пісальніка – які супрацоўнічае з гэтай газэтай. Штодзёньнік адзначае, што паводле журналіста і прыхільніка непрызнаванай афіцыйным Менскам старшыні СПБ Анжалікі Борыс, рашэньне суду, які загадаў Пісальніку вярнуць лічбавы фотаапарат арганізацыі, “ёсьць абсурдным і матываваным палітычна”. Між тым польскае грамадзкае тэлебачаньне ў галоўным выпуску ўчорашніх вечаровых навінаў паведаміла, што Зьвяз польскіх гарцэраў у Беларусі можа быць зьліквідаваны, паколькі ўлады далі гэтай арагнізацыі толькі тры дні, каб падрыхтаваць да праверкі дакумэнты за ўсе восем гадоў дзейнасьці – што, паводле кіраўніцтва Зьвязу, фізычна немагчыма. У матар’яле адзначецца, што кіраўнік арганізацыі Антон Хамчукоў падтрымлівае Анжаліку Борыс, і менавіта з гэтай прычыны, паводле спадара Хамчукова, Зьвяз польскіх гарцэраў не падабаецца ўладам. Польскае тэлебачаньне паведамляе, што магчымыя рэпрэсіі супраць Зьвязу выклічуць адпаведную рэакцыю з боку польскага Сэйму, а польскія гарцэры заяўляюць, што ўсё адно будуць працягваць падтрымліваць сваіх калегаў зь Беларусі, нават калі іхную арганізацыю зьліквідуюць.
XS
SM
MD
LG