Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыну, якая зьбірае подпісы за Мілінкевіча, звольнілі з фабрыкі "КІМ"


Радыё Свабода, Віцебск У Віцебску працягваецца ціск на зьбіральнікаў подпісаў. Віцебскага зборшчыка подпісаў за Пазьняка не пусьцілі ў інтэрнат і абвінавацілі ў тым, што ён можа пранесьці туды бомбу. Адказныя за падрыхтоўку выбараў прадстаўнікі ўладаў патлумачылі яму, што ў падобнай сытуацыі дапамагчы яму нічым ня могуць.

Камэндант інтэрнату ліцэя №5 забараніла Яну Дзяржаўцаву зьбіраць у насельнікаў подпісы за вылучэньне Зянона Пазьняка:

(Дзяржаўцаў: ) “Камэндант мне сказала, што ў іх ужо зьбіралі подпісы – за Лукашэнку, і за іншых подпісы тут зьбірацца ня будуць. Яна паглядзела маё пасьведчаньне, і забараніла мне ўваход. Я запытаўся ейнае прозьвішча, але яна адмовілася прадставіцца”.

Як удалося высьветліць "Свабодзе", камэнданта інтэрната завуць Людміла Захараўна. Прозьвішча яна адмовілася назваць катэгарычна, і нават не хацела падыходзіць да тэлефона. Урэшце сваю пазыцыю яна патлумачыла наступным чынам:

(Камэндант: ) “А калі ён мне выбуховае прыстасаваньне прынясе? Ён жа можа у “дыплямаце” прынесьці ўсё што заўгодна! Я яго ня ведаю, у першы раз бачу. Няхай да дырэктара ідзе!”

Паколькі дырэктара на той момант не было, спадар Дзяржаўцаў мусіў зьвярнуцца да іншай службовай асобы, якая змагла б разабрацца ў сытуацыі згодна з выбарчым заканадаўствам. Але супрацоўніца Першамайскага райвыканкаму Валянціна Казакоўская, якая каардынуе перадвыбарчую працу, сказала, што ня мае ўплыву на камэндантаў інтэрнатаў ды параіла вырашаць праблемы з дапамогаю мясцовых кіраўнікаў.

Дарэчы, менавіта пра Першамайскі раён часьцей за ўсё гавораць жыхары Віцебску, калі згадваюць выпадкі ўціску ды і пагрозаў з боку кіраўніцтва розных установаў. Асабліва шмат скаргаў паступае ад работнікаў сыстэмы адукацыі – настаўнікаў ды выхавальнікаў, якім пад пагрозай скасаваньня кантрактаў забараняюць ня толькі зьбіраць подпісы, але й самім падпісвацца за вылучэньне іншых прэтэндэнтаў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі.

Ёсьць і першыя звольненыя: учора заяву пра сыход з працы мусіла напісаць выхавальніца рабочага інтэрнату прадпрыемства “КІМ” Ніна Кавалёва.

(Кавалёва:) “Там зьбіралі подпісы за Лукашэнку, а я сабе спакойна зьбірала за Мілінкевіча. 124 подпісы сабрала толькі ў Першамайскім раёне. І вось учора кліча мяне камэндант: “Схадзіце ў аддзел кадраў. Вам трэба напісаць заяву аб сыходзе”.

Паводле спадарыні Кавалёвай, неабходнасьць звальненьня была выкладзеная зьнешне аб''ектыўна: ёй прапанавалі іншы расклад працы і абавязкаў, якія яе заведама не задавальнялі.

Але якраз у момант напісаньня заявы раздаўся тэлефонны званок. Гэта намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму спадар Цярэнцьеў пытаўся, ці высьветлілі ў інтэрнаце, чаму так шмат подпісаў там сабрана за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча.

Дарэчы, Ніна Кавалёва гаворыць, што для яе гэта ўжо чацьвёртае звальненьне у часе перадвыбарчых кампаній: за апазыцыйную дзейнасьць яе звальнялі перад рэфэрэндумам 1995-га году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у 2001-м годзе, у 2004-м, калі яна сама балятавалася ў дэпутаты Парлямэнту, і вось цяпер – чарговая звальненьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG