Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўрад Юрыя Еханурава адпраўлены ў адстаўку?


Юры Дракахруст, Прага 10 студзеня Вярхоўная Рада Ўкраіны адправіла ў адстаўку ўрад Юрыя Еханурава. Дэпутаты палічылі, што газавае пагадненьне, падпісанае украінскімі прадстаўнікамі з “Газпромам” 4 студзеня, стварае “пагрозу нацыянальнай бясьпецы”. Паводле экспэртаў сёньняшняе рашэньне парлямэнту – удар па пазыцыях прэзыдэнта Віктара Юшчанкі напярэдадні сакавіцкіх парлямэнцкіх выбараў.

За недавер ураду прагаласавала 250 дэпутатаў з 450, за адстаўку галасавалі фракцыя “Рэгіёны Ўкраіны” Віктара Януковіча – суперніка Юшчанкі на прэзыдэнцкіх выбарах, і фракцыя Юліі Цімашэнкі, якую прэзыдэнт Юшчанка адправіў у адстаўку з пасады прэм''ер-міністра летам мінулага году.

Кіраўнік ураду Юры Еханураў спрабаваў пераканаць заканадаўцаў, што пагадненьне, заключанае з “Газпромам”, выгаднае Ўкраіне, і што саступкі, на якія пайшоў Кіеў, былі разумнымі і дапушчальнымі.

Еханураў абвінаваціў пэўныя палітычныя сілы Ўкраіны ў выкарыстаньні газавай праблемы для атрыманьня палітычных дывідэндаў:

(Еханураў: ) "Актуальнасьць газавага пытаньня настолькі захапіла нашае грамадзтва, што яе камэнтавалі нават тыя, хто па сваіх прафэсійных характарыстыках ня мелі ўяўленьня пра складанасьць і маштабнасьць праблемы энэргазабесьпячэньня краіны. А некаторымі камэнтарамі пэўныя ўкраінскія дзеячы зрабілі палітычную і эканамічную шкоду інтарэсам краіны".

Паводле пагадненьня, заключанага 4 студзеня “Газпромам” і “Нафтагазам Украіны” Украіна павінна атрымаць у гэтым годзе 34 мільярды кубамэтраў газу па цане 95 даляраў за тысячу кубамэтраў. Раней “Газпром” настойваў на цане 230 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Крытыкі ўраду, у тым ліку і адзін з самых жорсткіх зь іх Юлія Цімашэнка, заяўлялі, што пагадненьне будзе дзейнічаць толькі паўгоду, а потым цэны істотна ўзрастуць. Акрамя таго, крытыкі казалі, што паводле пагадненьня фактычна манапалістам у пастаўках газа ва Ўкраіну робіцца кампанія “Росукрэнэрга”, якая мае сумнеўную рэпутацыю.

Паводле апанэнтаў ўраду, Кіеў павінен быў адстойваць у міжнародным судзе ранейшае пагадненьне з “Газпромам” ад 2002 году, вельмі выгаднае Ўкраіне.

Аналітык Радыё Свабода Раман Купчынскі адзначае, што сёньняшняя адстаўка ўкраінскага ўраду можа наўпрост адбіцца на ўкраінска-расейскіх адносінах у газавай сфэры:

(Купчынскі: ) "Гэтае рашэньне перад усім паўплывае на газавае пагадненьне паміж Расеяй і Украінай. Газавы гандаль заўсёды мае дзьве ступені. Першая – гэта пагадненьне паміж кампаніямі, у дадзеным выпадку паміж “Газпромам” і “Нафтагазам Украіны”. І другая – гэта міжурадавае пагадненьне паміж Украінай і Расеяй.

Урад Еханурава падрыхтаваў праект адпаведнага пагадненьня, які пакуль ня быў прадстаўлены расейскаму ўраду на чале зь Міхаілам Фрадковым. Новы ўрад Украіны апынецца пад моцным ціскам, каб адмовіцца ад пагадненьня, узгодненага з “Газпромам”, і шукаць іншых шляхоў вырашэньня газавых праблемаў.

Сёньняшняе галасаваньне стала наўпроставым вынікам палітычнай рэформы, якая пачала дзейнічаць з 1 студзеня і паводле якой паўнамоцтвы парлямэнту істотна пашыраныя, а прэзыдэнта – абмежаваныя. Але паводле зьместу рэформы новыя паўнамоцтвы набудзе новы парлямэнт, які будзе абраны 26 сакавіка.

(Купчынскі: ) "Юлія Цімашэнка была адстаўленая прэзыдэнтам. Парлямэнт скарыстаў у сваіх інтарэсах сытуацыю палітычнай рэформы, якая зьмяніла балянс галінаў уладаў з 1 студзеня. Цяпер парлямэнт мае ўладу адправіць у адстаўку ўрад. Яны заявілі, што захаваюць Еханурава на пасадзе дзейнага кіраўніка ўлады, але будзе бачна, што гэта азначае ў новых умовах, у прыватнасьці, якія наступствы гэта будзе мець для іншых міністраў".

Пакуль невядома, ці будзе новы ўрад сфармаваны да выбараў ці Юры Еханураў будзе выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду да галасаваньня 26 сакавіка.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка назваў рашэньне парлямэнту не адпаведным Канстытуцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG