Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ідзе кампанія "Свабоду Беларусі!"


Паўло Зуб’юк, Кіеў Ва Ўкраіне працягваецца інфармацыйная кампанія “Свабоду Беларусі!” У яе межах адбываюцца прэсавыя канфэрэнцыі і круглыя сталы ў абласных цэнтрах Украіны, прысьвечаныя палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Кампанія “Свабоду Беларусі!” зьяўляецца вынікам супрацоўніцтва беларускага “Маладога Фронту” і ўкраінскага “Нацыянальнага Альянсу”. Круглыя сталы і прэс-канфэрэнцыі маюць на мэце данесьці праўдзівую інфармацыю да ўкраінскае грамадзкасьці пра сытуацыю ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі і ў першую чаргу – да ўкраінскіх журналістаў рэгіянальных СМІ.

Прадстаўнік “Маладога Фронту” ва Ўкраіне Ігар Шчакарэвіч лічыць, што сваю функцыю інфармацыйная кампанія пасьпяхова выконвае:

(Шчакарэвіч: ) "Па першых выніках можна сказаць што кампанія ўдалася. То бок, украінскім СМІ тэма перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі – цікавая".

Лідэр моладзевай арганізацыі “Нацыянальны Альянс” Ігар Гузь адзначыў, што яго арганізацыя ўжо даўно і пасьлядоўна імкнецца зрабіць усё магчымае для падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі.

(Гузь: ) "Мы ставім на мэце падняць праблему, паказаць, што ёсьць гэтая праблема – адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі".

Нагадаем, што ў сакавіку падчас “Чарнобыльскага Шляху” ў Менску былі заарыштаваныя сябры “Нацыянальнага Альянсу”, якія атрымалі ад дзесяці да пятнаццаці сутак арышту, пасьля чаго былі дэпартаваныя з забаронай уезду ў Беларусь на пяць гадоў.

На гэты момант сэмінары і круглыя сталы адбыліся ў двух абласных цэнтрах на захадзе Ўкраіны – у Луцку і Івана-Франкоўску. Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі арганізатары плянуюць правесьці такія мерапрыемствы ў большасьці абласных цэнтраў краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG