Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групы Казуліна і Пазьняка скардзяцца на ўмовы збору подпісаў


Радыё Свабода Учора ініцыятыўная група Аляксандра Казуліна накіравала ў Цэнтральную выбарчую камісію скаргу наконт перасьледу зборшчыкаў подпісаў.

Як паведаміў сёньня сакратар ЦВК Мікалай Лазавік камісія правярае факты пададзеныя ў скарзе. Паводле яго, для праверкі спатрэбіцца пэўны час, бо скарга тычыцца падзеяў па ўсёй краіне.

“Дыму без агня не бывае – сказаў Лазавік, дадаўшы, што ЦВК “будзе вельмі ашчадна ставіцца да прэтэндэнтаў, паколькі іх і так засталося няшмат”.

Сёньня і прэсавая служба Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ распаўсюдзіла зварот, паводле якога “рэпрэсіі і правакацыі” ўжываюцца да сябраў ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка.

У паведамленьні гаворыцца, што 7 студзеня падчас збору подпісаў у Лідзе быў затрыманы чалец ініцыятыўнай групы Пазьняка Ўладзімер Хрышчановіч. Ён быў дастаўлены ў аддзяленьне міліцыі, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

9 студзеня ў вёсцы Вароны Віцебскага раёна невядомыя паспрабавалі трапіць у дом, дзе жыве сям''я чальца ініцыятыўнай групы Пазьняка Ўладзімера Плешчанкі, паведамляе КХП-БНФ. Тры чалавекі ў цывільным прадставіліся работнікамі пракуратуры, аднак жонка Плешчанкі адмовілася адчыніць ім дзьверы. Пасьля няўдалай спробы ўзламаць дзьверы невядомыя сышлі – гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG