Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчыя штабы падводзяць вынікі 10 дзён збору подпісаў


Радыё Свабода Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах падводзяць вынікі першых дзесяці дзён збору подпісаў. У штабах Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Мілінкевіча паведамілі, што сабрана больш за палову са 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта. У ініцыятыўнай групе Аляксандра Казуліна гэтую інфармацыю засакрэцілі. Няма зьвестак пра тое, як зьбіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

У ініцыятыўнай групе Сяргея Гайдукевіча паведамілі пра 50 тысяч сабраных подпісаў. А кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб заявіў, што будзе трымаць колькасьць сабраных подпісаў у сакрэце, “зыходзячы са стратэгічных намераў”. Пры гэтым ён запэўніў, што кампанія працягваецца “паводле пляну”. У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што ў іх няма ніякай інфармацыі і пра збор подпісаў за дзейнага кіраўніка дзяржавы, і пра склад ініцыятыўнай групы, бо перадвыбарчая кампанія не ўваходзіць у іх кампэтэнцыю.

За кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча сабрана больш за 70 тысяч подпісаў. Склаўся пэўны тэмп працы — 7 тысяч штодня, паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандар Бухвостаў. Паводле ягоных словаў, зь пяцітысячнай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча актыўна працуе толькі палова. Прычына — ціск уладаў:

(Бухвостаў: ) “Хто актыўна зьбірае і трапляе ў поле зроку адміністрацыйных органаў, то яны падпадаюць пад пэўны псыхалягічны ціск, а дзесьці проста ім пагражаюць стратай працы альбо інтэрнату. Нельга сказаць, што гэта пагалоўна, але ў любым выпадку відаць і такія тэндэнцыі”.

Тым часам кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў паведаміў, што за лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ўжо сабрана каля 40 тысяч подпісаў.

(Папкоў: ) “Мы паставілі задачу сабраць 150 тысяч подпісаў, гэтым мы гарантуем, што гэта будзе грунт для таго, каб вярнуўся Зянон Пазьняк сюды, у Беларусь, і паралельна разгортваем народнае галасаваньне”.

Колькі сабрана за Сяргея Скрабца, які знаходзіцца ў турме, пакуль не падлічана, першыя зьвесткі зьявяцца толькі пасьля 14 студзеня, паведаміў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк. Кіраўнік групы Валерыя Фралова Ігар Азарка заявіў, што за дзесяць дзён сабрана 15 тысяч подпісаў.
XS
SM
MD
LG