Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 гадоў ААН — як ацэньваюць у Беларусі ролю арганізацыі?


Радыё Свабода 60 гадоў таму ў Лёндане адкрылася першая сэсія Генэральнай Асамблеі ААН. У цэнтральнай залі Ўэстмінстэрскага палацу сабраліся дэлегацыі 51 краіны, якія падпісалі Статут ААН. Старшынём гістарычнай сэсіі быў абраны бэльгіец Поль-Анры Спаак. На парадку дня Генэральнай асамблеі было фармаваньне галоўных органаў ААН, Рады бясьпекі, пытаньне пра бюджэт арганізацыі, абраньне генэральнага сакратара. На гэтай асамблеі генэральным сакратаром быў абраны міністар замежных справаў Нарвэгіі Тругвэ Лі. Нагадаем, Беларусь далучылася да ААН у кастрычніку 1945 году. Як ацэньваюць сёньня ў Беларусі ролю ААН?

Былы амбасадар, сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Генадзь Бураўкін быў сьведкам зьяўленьня дзяржаўных сымбаляў незалежнай Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі. Ён згадвае, як у 1991 годзе ля будынку ААН зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг.

(Бураўкін: ) “Тыя сьцягі, якія былі ў эмігрантаў, былі ня тых памераў і ў нейкім сэнсе саматужныя. Быў ужо позьні час, мы пачалі шукаць нейкую майстэрню, дзе нам маглі б хутка зрабіць гэты сьцяг. Нам пашылі яго, нашыя жонкі ноччу яго прасавалі, каб перад тым, як пойдуць людзі на працу ў ААН, на флягштоку вісеў наш новы нацыянальны сьцяг”.

19 верасьня 1991 году ўлады паінфармавалі ААН, што новая назва краіны — Беларусь.

(Бураўкін: ) “Мы прыйшлі да такога рашэньня, што наша краіна павінна называцца так, як яна называецца дома — Беларусь. Таблічка такая была зроблена, і на нашым месцы, у залі, дзе засядае Генэральная асамблея, зьявілася вось гэтая шыльда — “Беларусь”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў адзначае, што кіраўніцтва ў краінах, якія падпісалі Статут ААН, памянялася. Многія таталітарныя сталі дэмакратычнымі. Але і дыктатарскія краіны зьяўляюцца сябрамі гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі. І, на думку спадара Саньнікава, нельга чакаць, што ААН будзе больш жорстка ставіць пытаньне пра дэмакратыю. Але Камісія правоў чалавека ААН займаецца сытуацыяй у Беларусі.

(Саньнікаў: ) “Прыняцьцё ў мінулым годзе больш жорсткай рэзалюцыі па Беларусі і далучэньне да краінаў, якія падтрымліваюць гэтую рэзалюцыю, Украіны — гэта даволі станоўчая падзея. Нельга чакаць, што яна адразу ж пераўтворыцца ў нейкія канкрэтныя справы. Але гэта зьява стратэгічнага характару. Яна, безумоўна, уплывае на пазыцыі дзяржаваў адносна дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. І пэўных вынікаў можна будзе чакаць, але ж не адразу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG