Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія суднавэрфі запрашаюць беларускіх рабочых


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія суднавэрфі, якім не хапае рабочых, гатовыя ўзяць на працу беларусаў – пра гэта Радыё Свабода заявіў адзін з кіраўнікоў легендарнай суднавэрфі ў Гданську, адкуль пачалася “Салідэрнасьць” і дзе працаваў калісьці Лех Валэнса. Пра тое, як і за якія грошы беларускія адмыслоўцы могуць працаваць на гэтым прадпрыемстве расказвае наш польскі карэспандэнт.

Пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага зьвязу, сотні рабочых польскіх суднавэрфяў вырашылі паехаць на працу ў краіны заходняй Эўропы, дзе заробак значна вышэйшы. У выніку на многіх польскіх прадпрыемствах цяпер недахоп кваліфікаваных працаўнікоў. Толькі Гданськай суднавэрфі не хапае амаль 800 чалавек, дзе заробак – каля 4 даляраў за гадзіну.

У такой сытуацыі, кіраўніцтва суднавэрфі вырашыла запрасіць на працу замежнікаў. Гаворыць адзін з кіраўнікоў прадпрыемства Багдан Алешак.

(Алешак: ) “Калі да нас прыедзе, напрыклад, добры зваршчык зь Беларусі, дык мы ахвотна возьмем яго на працу. Гаворка ідзе перадусім пра зварку і мантаж. Калі нават рабочы зь Беларусі ня будзе мець адпаведных папераў аб сваіх кваліфікацыя – гэта не перашкода, галоўнае, каб хацеў і мог добра працаваць. Паперы дапаможам зрабіць тут”.

Паводле ягоных словаў, ахвотныя могуць разьлічваць на дапамогу прадпрыемства ў справах, зьвязаных з атрыманьнем дазволу на працу, працоўнай візы, а таксама курсы манцёраў і зваршчыкаў з абавязкам працаваць на суднавэрфі прынамсі тры гады.

Рабочыя патрэбныя ня толькі у Гданьску, але і на іншых суднавэрфях, напрыклад у Гдыні – там не хапае 150 чалавек.

Пры аплаце чатыры даляры за гадзіну месячны заробак складзе каля 650 даляраў, калі браць пад увагу васьмігадзінны працоўны дзень. На жытло, калі здымаць адну кватэру на некалькі чалавек, чалавек і харчаваньне трэба выдаць 150-200 даляраў у месяц. З гэтых прыблізных падлікаў вынікае, што беларускі зваршчык мог бы штомесяц ашчаджаць да паўтысячы даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG