Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Увесну свойскія птушкі Беларусі трапяць пад “хатні арышт”


Радыё Свабода Павялічваецца колькасьць шпіталізаваных з дыягназам “птушыны грып” у розных краінах сьвету. Восьмы выпадак гэтай хваробы зарэгістраваны ў Кітаі. За тыдзень у Турэччыне падазраваных на захворваньне птушыным грыпам стала 80. Абвешчана, што 14 чалавек захварэлі ў раёне Кушадасаў — гэта вядомы курорт, які штогод прымае некалькі мільёнаў замежных турыстаў, і беларусаў таксама. Адпаведныя беларускія ведамствы робяць захады, каб вірус ня трапіў у Беларусь. Ад сёньняшняга дня забаранілі прадаваць птушынае мяса без упакоўкі, а з 1 сакавіка істотна абмяжуюць “выгульнае” вырошчваньне птушкі.

Ад сёньняшняга дня мяса любой птушкі павінна прадавацца толькі ва ўпакоўцы. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня тлумачаць гэта барацьбой з падробнай прадукцыяй, а таксама больш жорсткімі санітарнымі нормамі да мяса птушкі. Ад 1 сакавіка набудзе моц яшчэ адна ініцыятыва ведамства — забарона на так званае “выгульнае” вырошчваньне птушкі. Кіраўнік вэтэрынарнага ўпраўленьня згаданага міністэрства Міхаіл Бушыла тлумачыць, каго канкрэтна будуць тычыцца падобныя абмежаваньні:

(Бушыла: ) “Тычыцца гэта выключна прыватных падворкаў. На грамадзкіх птушкафабрыках куры ня ходзяць, дзе ім захочацца. Птушкафабрыка — закрытае прадпрыемства, вакол плот, птушку трымаюць у пэўных памяшканьнях, нікуды яна не блукае, ня ходзіць. Яна з птушкафабрыкі можа выйсьці толькі ў выглядзе мяса ці яйка”.

У спадара Бушылы я пацікавіўся: як, на ягоны погляд, такія захады ўспрымуць вяскоўцы, для якіх куры ды яйкі — ці не асноўны харч, ледзьве не другі хлеб.

(Бушыла: ) “Ну, гэта вы так лічыце. Людзі нармалёва нас разумеюць і ўспрымаюць. Бо ведаюць, што такое хвароба і якія наступствы могуць быць. Ні другога хлеба, як вы кажаце, ні трэцяга не застанецца”.

Ці пагражае парушальнікам інструкцыяў пакараньне — прыкладам, канфіскацыя птушкі, якая ігнаруе “хатні рэжым”?

(Бушыла: ) “Забіраюць, калі ўжо зьявілася захворваньне, калі зафіксаваны агмень інфэкцыі. Тады яе складаюць у мяхі і далей — як у сюжэтах з Турэччыны, Крыму і гэтак далей. А калі птушка здаровая, гаспадар проста не павінен яе выпускаць за межы свайго падворку, каб не было кантакту зь дзікай — вось галоўны сэнс. Сёньня мы яшчэ нічога не забараняем, а з 1 сакавіка, калі пачнецца масавы лёт птушкі з паўднёвай міграцыі, адтуль, дзе ёсьць хвароба, мы не выключаем пераносу захворваньня. І калі хатняя птушка закантактуе зь дзікай, магчымае заражэньне. Трыццаць сотак маеш — трымай на сваёй зямлі сваю птушку. Але не выпускай за плот, на вадаёмы. І гэта тычыцца ня толькі вадаплаўнай, але і сухапутнай птушкі. Увесну, дарэчы, падобная працэдура ў вёсцы ўвесь час адбываецца: людзі сеюць агарод і, каб куры не псавалі градаў, іх замыкаюць. Нічога тут страшнага. Адзінае, што крыху больш кармоў запатрабуецца. Бо курыца ці качка нешта яшчэ зьбірала ў вадаёмах ці на вольным выпасе”.

Міністэрства замежных справаў настойліва рэкамэндуе грамадзянам Беларусі ўстрымацца ад паездак у краіны, дзе вызначаныя агмені птушынага грыпу. Перадусім, гэта тычыцца Турэччыны, дзе заражаных правінцыяў ужо больш за дзясятак, разам з курортнымі тэрыторыямі.
XS
SM
MD
LG