Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец зьвярнуўся да Лукашэнкі і абвясьціў галадоўку (абноўлены)


Радыё Свабода Адзін з патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, зьняволены былы дэпутат Сяргей Скрабец, дамагаецца, каб яго выпусьцілі на падпіску аб нявыезьдзе для арганізацыі збору подпісаў на ўдзел ў выбарах 19 сакавіка.

Як паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Скрабца Сяргей Галаганюк, збор подпісаў група працягвае ў Менску, Лідзе, Магілёве і Гомелі. Спадар Галаганюк кажа, што яшчэ не лічыў колькасьці сабраных подпісаў, але зазначае, што вынік “мог быць лепшы”, калі б сам Сяргей Скрабец на волі. Днямі прыйшоў новы ліст ад вязьня з турмы, у якім ён паведамляе пра чарговую галадоўку пратэсту.

(Галаганюк: ) “Ён прыслаў ліст, што абвяшчае галадоўку, таму што яго не выпускаюць з турмы хаця б на час збору подпісаў, каб зарэгістравацца. Яго не выпускаюць, вось ён і галадае ўвесь гэты час”.

Спадар Галаганюк паведаміў, што Сяргей Скрабец перадаў яму для публікацыі свой адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, каб той паспрыяў у зьмене меры стрыманьня. Гэты ліст мае быць перададзены ў незалежныя СМІ. Спадар Галаганюк кажа, што ў Скрабца няма ілюзіяў наконт дэмакратычнасьці і сумленнасьці выбарчага працэсу ў цяперашніх умовах:

(Галаганюк: ) “Сур’ёзна ён не ўспрымае гэтых выбараў — каб было як бы дэмакратычна і ў прававым полі, ён гэтага не ўспрымае. Таму што нават у камісіі ня ўключаны ніхто з апазыцыі”.

Спадар Галаганюк не выключае, што Сяргей Скрабец падтрымае зварот Аляксандра Вайтовіча, які ўчора адмовіўся ад удзелу выбарах, але такое рашэньне можа быць прынятае пасьля 14 студзеня. Акрамя таго, паводле Сяргея Галаганюка, застаецца цяжкай праблема сувязі са Скрабцом: нават ягоныя лісты даходзяць на волю толькі часткова.

Пачатак працэсу над Скрабцом прызначаны на 16 студзеня ў Вярхоўным судзе . Яго абвінавачваюць у выманьваньні крэдытаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару.
XS
SM
MD
LG