Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямныя і творчыя шляхі Ўладзімера Дубоўкі ў новай кнізе


Валянціна Аксак, Менск “О Беларусь, мая шыпшына…” Аўтар гэтае знакамітае мэтафары атрымаў за свой талент 28 гадоў выгнаньня і катаржнае працы ў гулагах. І параскіданыя на этапах балючыя строфы пра лёс некалькіх пакаленьняў беларусаў. Многія з гэтых вершаў захавалі ў сваёй памяці сябры і паплечнікі, якія апыналіся побач з паэтам у тыя трагічныя гады. Зямныя і творчыя шляхі легендарнага Ўладзімера Дубоўкі ўзнавіў Алесь Пашкевіч. У выдавецтве “Беллітфонд” выйшла ягоная кніга пра Дубоўку “Круг”, пра якую нашая карэспандэнтка гаворыць з аўтарам.

“Забраны ў няволю з Забранага Краю. Узяты за краты з спустошаных хат… Для нас пачалася часіна ліхая, Мой родны, мой бедны пакрыўджаны брат. Жыве наш народ як гарох пры дарозе, Прасьвету ня бачыць у гэтым жыцьці: Учора на працы, сягоньня ў вастрозе, А заўтра за працу ў выгнаньне ісьці…”

Гэтыя строфы ў анталёгіі беларускае паэзіі XX стагодзьдзя пададзеныя бяз аўтарства. Алесь Пашкевіч сьцьвярджае, што напісаў іх на гулагаўскіх шляхох Уладзімер Дубоўка. І іх, як і іншыя вершы Дубоўкі, чуў ад аўтара і захаваў у сваёй памяці сябра паэта яшчэ адзін беларускі патрыёт-выгнаньнік Яўхім Кіпель.

(Пашкевіч:) “Хачу выказаць удзячнасьць моцнай, трывалай памяці, а таксама нацыянальнай і грамадзянскай пазыцыі тых людзей, якія прайшлі аднымі этапнымі сібірскімі сьцежкамі з Уладзімерам Дубоўкам, выжылі і данесьлі да нашага часу і гэты верш, і памяць пра Уладзімера Дубоўку. Маю на ўвазе беларускіх эмігрантаў, у першую чаргу Яўхіма Кіпеля, які аднымі сьцежкамі з Уладзімерам Дубоўкам ішоў”.

Напісана кніга ў жанры, які аўтар вызначыў як раман-біяграфія. Гэта суплёт дакумэнтаў зь бэлетрыстычнымі старонкамі. Алесь Пашкевіч тлумачыць, чаму менавіта такі жанр яму падаўся найбольш прыдатным для кнігі пра легендарнага беларускага паэта.

(Пашкевіч:) “Уладзімер Дубоўка – чалавек сам раман. Гэта раман-кніга, якая чытаецца амаль, як сучасны дэтэктыў. І таму баючыся ці не жадаючы прыплёту пад жанравую клясыфікацыю дакумэнтальнасьці, я і вырашыў напісаць кнігу пра Ўладзімера Дубоўку ў жанры рамана-біяграфіі”.

Кніга Пашкевіча – гэта першая спроба скразнога ўзнаўленьня трагічнага шляху паэта. Фрагмэнты рамана-біяграфіі пра Дубоўку гучалі на Радыё Свабода ў 2002 годзе.

У сваёй кнізе Алесь Пашкевіч сабраў шмат новых, невядомых раней ня толькі чытачам, але і літаратуразнаўцам зьвестак пра жыцьцё і творчасьць Уладзімера Дубоўкі. Але бальшыня іх па-ранейшаму застаецца ў архівах спэцворганаў недаступнай для дасьледчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG