Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белпошта” адмовілася распаўсюджваць “Віцебскі кур’ер”


Радыё Свабода, Віцебск Пасьля таго, як “Белсаюздрук” адмовіўся прадаваць газэту ў сваіх шапіках, “Віцебскі кур’ер” заставаўся адным з апошніх на Беларусі незалежных выданьняў, на якія была дазволеная падпіска ў 2006-м годзе. Аднак адразу пасьля выхаду першага сёлетняга нумара мясцовая філія “Белпошты” адмовілася распаўсюджваць гэтую газэту па падпісцы.

На думку камэрцыйнага дырэктара Валерыя Іскібаева, скасаваньне дамовы на распаўсюд з боку віцебскай філіі “Белпошты” ёсьць працягам дзяржаўнай палітыкі ўціску незалежных выданьняў.

(Іскібаеў: ) “Апрача таго, што “Белсаюздрук” адмовіўся нас распаўсюджваць, цяпер яшчэ і “Белпошта” касуе дамову наконт дастаўкі. Вось у такія ўмовы паставілі нас мясцовыя ўлады”.

Ліст пра скасаваньне дамовы быў падпісаны кіраўніком філіі “Белпошты” Мікалаем Смунёвым, зь якім напрыканцы мінулага году, у сьнежні, рэдакцыя ўзгадняла ўмовы падпіскі. Але напачатку гэтага году раптам высьветлілася, што яны не адпавядаюць рэгістрацыйным дадзеным газэты.

Цяперашнюю афіцыйную пазыцыю віцебскай філіі выкладае начальнік аддзелу распаўсюду друку Валянціна Маісеева.

(Маісеева: ) “У нас зьмяніўся статус прадпрыемства, і мы маем права заключаць дамовы з рэдакцыямі, якія маюць за рэгіён распаўсюду толькі Віцебскую вобласьць. У “кур’ера” рэгіён распаўсюду – РБ і СНГ. Таму на мясцовым узроўні дамову заключыць немагчыма, і трэба перазаключыць яе на рэспубліканскім узроўні. Я думаю, гэты прыцэс пройдзе, усё уладкуецца і будзе нармальна.”

Каля дзьвюх тысяч жыхароў вобласьці падпісаліся на газэту “Віцебскі кур’ер” прынамсі на студзень 2006-га году. Прычым пасьля таго, як было абвешчана, што газэта болей ня будзе прадавацца ў шапіках “Белсаюздруку”, колькасьць падпісчыкаў у параўнаньні зь мінулым годам вырасла на некалькі соцень. Адпаведна, цяпер усе яны пацерпяць ад праблем з дастаўкай газэты.

Дарэчы, як напісана ў “Правілах падпіскі “Белпошты”, “маральную і матэрыяльную адказнасьць перад падпісчыкамі за парушэньне тэрмінаў выхаду, а таксама за ліквідацыю выданьняў нясуць рэдакцыі газэт і часопісаў”. Камэрцыйны дырэктар выдавецкага дому “Віцебскі кур’ер” Валеры Іскібаеў і рэдактар Уладзімер Базан, трапіўшы ў складаныя ўмовы, мусяць неяк вырашаць наяўныя праблемы.

(Базан: ) “Адмовілі ў падпісцы – значыць, мусяць вярнуць грошы”.

Гэтак лічыць рэдактар газэты.

Камэрцыйны дырэктар спадар Іскібаеў распрацоўвае далейшы плян дзеяньняў: перарэгістраваць незалежнае выданьне, ды яшчэ на агульнадзяржаўным узроўні, на ягоную думку, наўрад ці магчыма. Таму ён прапануе іншыя шляхі газэты да чытачоў, без разьліку на паслугі “Белпошты”.

(Іскібаеў: ) “Мы на іх нават не крыўдуем! Гэта іх прымушаюць так рабіць. Мы будзем самі дастаўляць газэту падпісчыкам. У нас ёсьць ліцэнція на вынасны гандаль, а цяпер яшчэ будзем па горадзе рассылаць кур’ераў”.

Кур’еры з “Кур’ерамі”, мажліва, зьвяцца ў Віцебску ўжо ў наступную пятніцу, калі выйдзе наступны нумар газэты. А сёньня падпісчыкі “Віцебскага кур’ера” ў апошні раз дастануць яго са сваіх паштовых скрыняў.
XS
SM
MD
LG