Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Дудзіцкі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

“Малая радзіма” Ўладзімера Дудзіцкага (сапраўднае прозьвішча Гуцька) – вёска Дудзічы былога Ігуменскага павету, дзе будучы паэт зьявіўся на сьвет 95 гадоў таму, 8 студзеня 1911 году. Велізарны ўплыў на хлопчыка мела маці – славутая на ўсё навакольле сьпявачка.

У 1927-м Дудзіцкі паступіў у Менскі пэдагагічны тэхнікум, у якім вучыліся ледзьве ня ўсе тагачасныя маладыя пісьменьнікі. З гэтае прычыны тэхнікум меў неафіцыйны назоў – “Беларускі ліцэй”. Там сапраўды панаваў дух нацыянальнага адраджэньня. Там часта выступалі Янка Купала і Якуб Колас, перад якімі Ўладзімер чытаў свае першыя вершы.

У адну зь лютаўскіх начэй 1933-га Дудзіцкага арыштавалі як “нацдэма”. Ён атрымаў тры гады канцлягеру. Тады сама быў зьнішчаны ягоны першы паэтычны зборнік “Песьні і думы”.

У гады вайны Ўладзімер Дудзіцкі шмат сілаў і часу аддаў асьветніцкай працы ў Беларускім культурным згуртаваньні.

Пакручастыя эмігранцкія дарогі паэта прайшлі празь Нямеччыну, Аўстрыю, Гішпанію, Паўночную й Паўднёвую Амэрыку. Ён узначальваў Управу Аб’яднаньня беларусаў Вэнэсуэлы, працаваў у Беларускай рэдакцыі Радыё “Вызваленьне”. Друкаваўся ня часта, але ўсё, што выходзіла з-пад ягонага пяра – паэзія, проза, успаміны – было пазначанае пячаткаю таленту.

Яго сэрца было з тых, што найбольш востра і трагічна перажываюць расстаньне з Радзімай.

Ня першы раз і не апошні, мусіць, баліць душа, і рады не дасі. Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі, і ты, журботная азёраў сінь...

Урэшце душа ня вытрымала. 30 гадоў таму Дудзіцкі вырашыў вярнуцца ў Беларусь. І – бясьсьледна згінуў.

Найверагодней таямніца ягонага зьнікненьня будзе раскрытая будучымі дасьледнікамі архіваў КГБ. У друку зьяўляліся зьвесткі, што на пачатку 1970-х чалавека з прозьвішчам Дудзіцкі сустракалі ў Мардоўскіх лягерах.

У сярэдзіне 1990-х Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку выдаў важкі том твораў Дудзіцкага “Напярэймы жаданьням”. У прадмове літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч пісаў: “Да беларускага чытача вярнуўся выдатны пісьменьнік”.

Сёньня ягоная родная вёска вядомая ў Беларусі ды й за яе межамі сваім музэем матэрыяльнай культуры. Калі-небудзь там абавязкова зьявіцца і экспазыцыя, прысьвечаная Ўладзімеру Дудзіцкаму.

P.S. Пры падрыхтоўцы перадачы я высьветліў, што і ў “Беларускай энцыкляпэдыі” і ў “Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі” ў артыкулах пра Ўл. Дудзіцкага пададзеная памылковая дата ягонага нараджэньня. Насамрэч нарадзіўся паэт ня 8 лістапада, а, як і дае “Свабода”, 8 студзеня 1911г. (27 сьнежня 1910 г. паводле ст.ст). Менавіта гэтую дату ён называў ва ўласнаручных жыцьцяпісах.
XS
SM
MD
LG