Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня трэба перакрамліваць гледачоў тэмай выбараў, яны могуць стаміцца"


Радыё Свабода Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына лічыць, што заява Аляксандра Вайтовіча пра няўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах – гэта жаданьне прыцягнуць да сябе ўвагу. Са спадарыняй Ярмошынай гутарыў наш карэспандэнт.

Ніякіх заяваў ад Аляксандра Вайтовіча ў Цэнтрвыбаркам не паступала. Але гэта і не патрабуецца, прэтэндэнт можа проста не здаваць падпісныя лісты ў камісію. Паводле Лідзіі Ярмошынай, заявы спадара Вайтовіча, пра якія яна пачула ўпершыню ад карэспандэнта "Свабоды", гэта ўсяго толькі жаданьне прыцягнуць да сябе ўвагу:

(Ярмошына: ) “Нам шкада, што адзін з прэтэндэнтаў сыходзіць, паколькі гэта заўсёды адбіваецца на жывасьці выбарчага працэсу ня вельмі добра. Таму што, калі прэтэндэнтаў больш, натуральна, выбарчы працэс больш жывы. Але гэта ягонае права”.

Лідзія Ярмошына мяркуе, што Аляксандар Вайтовіч зразумеў, што подпісы зьбіраць цяжка, і гэты прэтэндэнт наўрад ці зьбярэ сто тысяч подпісаў. Менавіта таму, лічыць Лідзія Ярмошына, ён вырашыў “моцна бразнуць дзьвярыма”.

Патрабаваньне Аляксандра Вайтовіча і Валерыя Фралова, выказанае раней у сумеснай заяве, адносна няўдзелу дзейнага прэзыдэнта ў выбарах на трэці тэрмін, Лідзія Ярмошына не зьвязвае з выбарчай кампаніяй.

(Ярмошына: ) “Прабачце мяне, калі яны 23 сьнежня падавалі заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, яны цудоўна ведалі, што Аляксандар Лукашэнка бярэ ўдзел у выбарах. Дык навошта тады было падаваць, калі ад самага пачатку гэты ўдзел іх не задавальняў. Таму, гэта ня больш і ня менш чым палітычная заява, якая нічога ня мае агульнага зь іх намерам удзельнічаць у выбарах”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму сказала, што камісіі таксама невядомыя заявы спадара Вайтовіча адносна роўных магчымасьцяў доступу прэтэндэнтаў да дзяржаўных мэдыяў і ўключэньня іх прадстаўнікоў у выбаркамы.

Што да таго, што дзяржаўныя мэдыі фактычна замоўчваюць выбарчую тэматыку, Лідзія Ярмошына адказала:

(Ярмошына: ) “Перакармліваць выбарніка выбарчай тэматыкай загадзя абсалютна ня мае сэнсу. Яны могуць стаміцца ад гэтага”.

На сваё чарговае паседжаньне Цэнтрвыбаркам плянуе сабрацца 17 студзеня. На ім будзе прыняты шэраг пастановаў, якія замацуюць статус міжнароднага наглядальніка. Будзе прынятая пастанова пра ўтварэньне ўчасткаў за мяжой і галасаваньне грамадзянаў Беларусі за межамі краіны ды іншыя.
XS
SM
MD
LG