Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барыс Пятровіч: “Дзеяслоў” застанецца люстэркам беларускай літаратуры”


Валянціна Аксак, Менск На чвэрць павялічваецца сёлета аб’ём часопісу “Дзеяслоў”, што дае мажлівасьць у кожным нумары прадстаўляць цяпер больш за трыццаць аўтараў. Але ўсё роўна шмат таленавітых твораў цікавых пісьменьнікаў не ўдаецца ўціснуць на старонкі фактычна адзінага незалежнага літаратурнага пэрыёдыка.

(Карэспандэнтка: ) “У новы год часопіс “Дзеяслоў” увайшоў, заняўшы адпаведнае месца ў каталёгу падпісных выданьняў Рэспублікі Беларусі. Ці азначае гэта, што ў рэдакцыі і ў галоўнага рэдактара сьвяточны настрой на пачатку году?”

(Барыс Пятровіч: ) “Цяжка гаварыць пра нейкую паўнапраўнасьць і сьвяточнасьць. Усё роўна мы пачуваемся там, у каталёгу, гасьцямі. Улічваючы сытуацыю, пэўнасьці ў нас няма. Але паколькі падпісная кампанія закончылася і людзі даверыліся і паверылі нам, то мы пастараемся свае абавязкі перад чытачамі нашымі выканаць. “Дзеяслоў” будзе жыць — на бліжэйшыя паўгоду, прынамсі, такая пэўнасьць ёсьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якімі вынікамі для часопісу “Дзеяслоў” закончылася падпісная кампанія на першае паўгодзьдзе 2006 году?”

(Пятровіч: ) “Па апошніх зьвестках, мы маем цяпер 560 падпісчыкаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А якім агульным накладам будзе выходзіць цяпер часопіс?”

(Пятровіч: ) “Мы захаваем наклад папярэдняга году — тысяча асобнікаў. І гэта зьвязана з тым, што цяжкасьці ў распаўсюдзе ў нас застаюцца. “Белсаюздрук” ад нас адмовіўся і на продаж “Дзеяслоў” не бярэ, гэтаксама, як і другі манапаліст — “Белкніга”. Спробы зрушыць сытуацыю і нейкім чынам патрапіць у іхную сетку распаўсюду ў нас застаюцца пакуль што бяз выніку. Гэта тлумачыцца агульнай няпэўнасьцю, у якой знаходзяцца ўсе незалежныя выданьні, а мы — выданьне незалежнае, мы — выданьне недзяржаўнае. І гарантыяў няма, што недзе камусьці ня пстрыкне ў галаву пазбавіцца ўвогуле ад незалежных выданьняў. Гарантыяў на сёньня няма, паўтаруся, ні ў кога, што яны застануцца ў каталёгу і надалей”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці гатовыя вы да такога разьвіцьця падзеяў?”

(Пятровіч: ) “Шчыра прызнацца вось цяпер, канкрэтна — не. На працягу трох гадоў, якія мы існуем, мы спрабавалі нейкім чынам стварыць нейкую альтэрнатыўную сыстэму распаўсюду. Я ведаю, што гэтыя спробы былі ня толькі ў нас, гэтым займалася і “Белорусская деловая газета”, цяпер гэтым займаецца “Наша Ніва”, вымушаная займацца “Народная Воля”… Я спадзяюся, што ў іх нешта атрымаецца, бо ня можа ж так быць бясплённай гэтая праца. Мы ў любы момант, спадзяюся, зможам далучыцца да іх і, калі што, працаваць разам. Калі нас выштурхоўваюць на гэтае поле, то што нам застаецца”.

(Карэспандэнтка: ) “У Беларусі ёсьць дзяржаўныя літаратурна-мастацкія выданьні і ёсьць недзяржаўныя. Ці адчуваеце вы падзел аўтараў? Ці нейкім чынам рэагуеце на тое, што некаторыя вашы аўтары адначасна друкуюцца і ў дзяржаўных часопісах?”

(Пятровіч: ) “Мы ад пачатку казалі, што для нас падзелу гэтага не існуе. І мы не хацелі падзяляць аўтараў на сваіх і чужых. Мы гэтага прынцыпу будзем прытрымлівацца і надалей. Ёсьць аўтары, якія друкуюцца выключна ў “Дзеяслове”, але ёсьць і тыя, хто друкаваў свае творы ў “Полымі” ці “Маладосці” і ў “Дзеяслове”. Я думаю, што самае важнае, каб была літаратура, каб былі якасныя творы і каб было дзе іх друкаваць. Тым ня менш, хочам мы таго ці ня хочам, гэты падзел аўтараў адбываецца, ён ёсьць і прыярытэт мы аддаем, вядома, тым, каму няма дзе больш друкавацца, апроч “Дзеяслова”. А гэта на сёньня — абсалютная большасьць беларускіх пісьменьнікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым “Дзеяслоў” парадуе сваіх чытачоў у бліжэйшых нумарох?”

(Пятровіч:) “Мы ўжо прывучылі нашых чытачоў да таго, што ў кожным нумары ёсьць у пэўным сэнсе цьвік ці, па-расейску кажучы, “изюминка”. У дваццатым (першым сёлетнім) нумары нашага часопісу будзе і Янка Брыль, і Генадзь Бураўкін, і Рыгор Барадулін, і Ўладзімер Арлоў, і Ўладзімер Някляеў, і Леанід Дранько-Майсюк… Усе вядомыя імёны. Нам некалі рабілі такія закіды, што вы, маўляў, ствараеце ў пэўным сэнсе анталёгію, а не часопіс, і казалі, што так высока ўзьняўшы плянку літаратуры, вы наўрад ці пратрымаецеся доўга. Але вось ужо дваццаць нумароў нам удаецца трымацца. Разам з тым, мы не забываем і пра маладзейшых аўтараў, у кожным нумары друкуем абсалютных дэбютантаў, тых, хто сапраўды да гэтага нідзе не друкаваўся і для каго гэта першая ў жыцьці публікацыя. Апроч таго, мы друкуем перакладную літаратуру, друкуем спадчыну. І надалей мы пастараемся захаваць усе нашыя рубрыкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Летась амаль што ў кожным нумары вы радавалі новымі творамі з архіву Васіля Быкава. Ці засталося ў ягонай творчай спадчыне яшчэ нешта ненадрукаванае?”

(Пятровіч: ) “Ведаеце, мы нарэшце дабраліся да эпісталярнай спадчыны Васіля Ўладзімеравіча, а дагэтуль друкавалі арыгінальныя творы, тыя, якія нідзе да гэтага не друкаваліся. Цяпер вось зь першага сёлетняга нумару мы пачынаем друкаваць лісты Васіля Ўладзімеравіча да сяброў, да знаёмых, да родных. У першым нумары будзе вельмі цікавая публікацыя лістоў 1950—1960 гадоў да Еўдакіі Лось. Настолькі шчырых лістоў мне даўно не даводзілася чытаць, і я думаю, нашыя чытачы будуць уражаныя гэтай шчырасьцю. Але застаюцца яшчэ і ненадрукаваныя творы Быкава, і мы іх будзем друкаваць у далейшых нумарох. А ў першым будзе, апроч усяго, вельмі цікавае інтэрвію Ўладзімера Някляева пра ягоныя стасункі з Быкавым, якія былі вельмі няпростымі на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў…

Спадзяюся, што “Дзеяслоў” і надалей застанецца люстэркам беларускай літаратуры, што мы будзем адбіваць і друкаваць усё тое лепшае, што ў ёй зьяўляецца”.
XS
SM
MD
LG