Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: жонка А.Мілінкевіча -- Іна Кулей


Іна Кулей, Горадня Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Пра першы тыдзень новага году ў сваіх асабістых зацемках разважае Іна Кулей, жонка кандыдата на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мілінкевіча.

1 студзеня, нядзеля

Першы дзень новага году... Прыслухоўваюся да сябе. Спакой і ўпэўненасьць.

Гэтыя пачуцьці ўмацоўваюцца тут, у вёсцы, у Берштах. Як крынічная вада ў сьпякоту спаталяе смагу, так кожны прыезд у Бершты спаталяе душу. Дзесьці далёка-далёка застаюцца мітусьлівыя думкі і справы, запавольвае бег звычайна расьпісаны па хвілінах дзень.

Цішыня. Зьмерзлым хрыплым спевам адазваўся певень, сабака забахаў на ўскрайку вёскі. Зарыпеў сьнег на двары — Аляксандар выйшаў напаліць лазьню.

Нашыя сябры зь Берасьця, што прыехалі ўчора на сьвяткаваньне, пайшлі на шпацыр. Ім цікава, чым жыве-дыхае вясковы народ. Дзеляцца ўражаньнем: “Навакольле, канечне, — Божы цуд. Прыехаць на адпачынак — няма лепшага месца. Возера, пушча, паветра такое, што, здаецца, п’еш, а ня дыхаеш. Але як тут людзі кожны дзень жывуць? Уяўляеце, вяскоўцы ўвесь час з трывогай чакалі, ці не адключаць сьвятло ў навагоднюю ноч, як гэта ўжо было на каталіцкія Каляды. Бо што за сьвята ў Берштах без тэлевізара? Іншых забаваў і няма. Танцы ў клюбе, праўда, ладзілі ўначы, сем-дзесяць падлеткаў завіталі на агеньчык. Мясцовыя жыхары запрашаюць сюды ўлетку — і цёпла, і дзень даўжэйшы і народу ў вёсцы паболей. З Горадні рыбакоў шмат наяжджае, грыбнікоў. Толькі вы нам не забудзьцеся дазвол на ўезд у памежную зону зрабіць, бо ня пусьцяць у госьці. Атавізм нейкі саўковы. Толькі ў нашай краіне і застаўся”.

2 студзеня, панядзелак

Не змаўкае тэлефон. Віншаваньні, пажаданьні. Аляксандар цёпла вітаецца са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі, у кароткія перапынкі паміж званкамі пасьпявае сам дазваніцца зь віншаваньнямі да бацькоў, сяброў і аднадумцаў.

Пазваніла былая настаўніца зь вёскі Квасоўка, што ў Гарадзенскім раёне. Назвалася Марыяй Іванаўнай. Кажа, што амаль ўся вёска за Аляксандра, вераць у яго людзі, пытаюцца, чым могуць дапамагчы. Старшыня гаспадаркі размовы ідэалягічныя праводзіць, пужае пакараньнямі за “няправільныя думкі”. Але сёньня надзея ўжо мацней за страх.

Сама Марыя Іванаўна — прыхільніца Зянона Станіслававіча. “Але для мяне вы зь ім — адно. Вы ж за адраджэньне Беларусі, за мову, за вольны лёс. Здароўя Вам, моцы духу! І ўсім нам — перамогі!”

Моладзь з Магілёва тэлефануе: “Трымайцеся, мы з вамі! Разам мы пераможам!”

Жанчыны зь Менску: “Шчыра верым у перамогу. Ужо працу пачалі, зьбіраем подпісы. А яшчэ будзем за вас маліцца”.

Аляксандар дзякуе, віншуе суразмоўцаў, адказвае на пытаньні. Вочы ў яго сьвецяцца.

3 студзеня, аўторак

На жаль, нашыя дарослыя дзеці сплянавалі навагоднюю ноч на свой густ. Мы з Аляксандрам іх разумеем. Затое ніколі не парушаецца традыцыя сьвяткаваць разам Божае нараджэньне — і каталіцкае, і праваслаўнае, абодва. Рыхтуем падарункі адзін аднаму і тым гасьцям, што завітаюць у дом, аднаўляем у памяці вершы і песьні, шукаем новыя гульні. Заўсёды гэта ня проста застольле — гэта Падзея. З размовамі “за жыцьцё”, з сардэчнымі пажаданьнямі кожнаму з прысутных, з конкурсамі і забавамі.

4 студзеня, серада

Еду да сына ў Берасьце. Ён там сьвяткаваў і мусіць вяртацца на вучобу раней, пятага студзеня. Еду маршруткай з Горадні, вольных месцаў няма. Чамусьці твары ў людзей пахмурныя, вочы сумныя. Ці то сьвяткаваньне адабрала апошнія сілы, ці то пэрспэктывы ня радуюць.

Хлопчык гадкоў так сямі пытаецца ў бацькі: “Папа, а как будет по-белорусски “белка”?”

— Ня помню. Вавёрка, па-мойму, — адказвае бацька.

— Странное какое-то слово. Ва-вёр-ка. Белка понятнее, — робіць выснову хлопчык.

Мне, як і маім спадарожнікам, раптам становіцца сумна.

5 студзеня, чацьвер

Менск. Аляксандар сустракае на чыгуначным вакзале і засыпае навінамі: сябры ініцыятыўнай групы па ўсёй краіне прыемна зьдзіўленыя — у кожнай другой кватэры падпісваюцца за Мілінкевіча, да зборшчыкаў на вуліцы выстройваюцца чэргі, за першы тыдзень ужо сабрана каля 40 тысяч подпісаў, нягледзячы на сьвяты і перашкоды міліцыі! Аляксандар гаворыць пра тое, што ён ганарыцца усёй камандай, тымі, хто ўзяў на сябе адказнасьць за агульную справу і годна выконвае абавязак. Ганарыцца тымі, хто кропля за кропляй выціскае зь сябе раба і ставіць свой подпіс. “Гэта надае мне моцы і ўпэўненасьці — мы пераможам!”

6 студзеня, пятніца

Новы год. Новы лёс. У кожнага з нас, таму што “ўсё цячэ, усё мяняецца”. Калі мы былі маленькімі, мы верылі, што Дзядуля Мароз прынясе нам усё, пра што мы марым. Падрасьлі і зразумелі, што гэта бацькі зьдзяйсняюць нашыя мары — любоўю да нас і справай.

Мая краіна Беларусь распачала Новы год. Мы звычайна гаворым: матуля Беларусь. А яна — яшчэ падлетак, самастойная і незалежная ня так і даўно. Я мару, каб мы усе, грамадзяне Беларусі, адчулі сябе яе бацькамі — сталымі і адказнымі, каб дапамаглі ёй спраўдзіць свае мары.Сваёй любоўю да яе ды справай.

Яе чакае новы лёс.
XS
SM
MD
LG