Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімэнты будуць спаганяцца па ўсёй "саюзнай дзяржаве"


Галіны Абакунчык, Менск Рашэньні судоў Беларусі й Расеі аб спагнаньні алімэнтаў будуць выконвацца без працэдуры дадатковага прызнаньня ў абедзьвюх краінах. Тэму дасьледавала наша карэспандэнтка.

Міністэрствы юстыцыі Беларусі й Расеі пачалі падрыхтоўку праекту пагадненьня аб спрашчэньні працэдуры спагнаньня алімэнтаў. Паводле рыхтаванага дакумэнту, рашэньні судоў адной з краінаў будуць абавязковымі для выкананьня без дадатковага прызнаньня іх правамоцнасьці на тэрыторыі другой краіны. Улады тлумачаць падрыхтоўку пагадненьня неабходнасьцю паскорыць спагнаньне грошай на карысьць няпоўных сем’яў.

Алімэнты на аднагадовую дачку Тацяна К. зь Менску ад свайго колішняга мужа спрабуе спагнаць яшчэ з 2000 году. Цяпер ён жыве ў Растоўскай вобласьці Расеі, куды паехаў на заробкі, пасьля чаго скасаваў шлюб. Усе гэтыя гады ніякіх грошай Тацяна з дачкой не атрымліваюць.

(Тацяна: ) “У мяне такое становішча, што цягам гэтага часу алімэнты не паступалі. Некалі пастанова аб спагнаньні алімэнтаў была накіраваная ў Расею, і ад іх быў адказ, што яны згодныя спаганяць гэтыя грошы. Аднак далей не пайшло. Тады з судовым выканаўцам Фрунзэнскага раёну мы рыхтавалі паўторны зварот. Яны зноў прыслалі паперу, што перашкаджаць ня будуць, а будуць дапамагаць, але грошы па-ранейшаму не прыходзяць. Я думаю, што ў большасьці выпадкаў тая ж сытуацыя”.

Паводле адказных чыноўнікаў, адной з прычынаў пратэрмінаваньня зьяўляецца тое, што ў адпаведнасьці з заканадаўствамі Беларусі й Расеі судовыя рашэньні аб спагнаньні алімэнтаў павінныя прайсьці працэдуру дадатковага прызнаньня на тэрыторыі краінаў выкананьня. І толькі на гэта ідзе паўгоду. Чыноўнікі Міністэрства юстыцыі адмаўляюцца назваць дакладную колькасьць беларускіх сем’яў, якія гадамі чакаюць алімэнтаў з Расеі. Аднак гаворка можа весьціся пра дзясяткі тысяч, кажа спэцыялістка аддзелу выкананьня міжнароднай дапамогі Марыя Жандарава.

(Жандарава: ) “Шмат, вядома. У нас 90 адсоткаў складаюць хадайніцтвы аб выкананьні рашэньняў аб спагнаньні алімэнтаў. Можаце сабе ўявіць – з усіх хадайніцтваў у рамках міжнароднай дамовы 90 % – алімэнты. Такім чынам, практыка паказвае, што гэта неабходна”.

Прадстаўнікі ўладных структураў не хаваюць, што яшчэ адной прычынай міждзяржаўнай ініцыятывы паскорыць спагнаньне алімэнтаў зьяўляецца жаданьне зэканоміць дзяржаўныя грошы. Гаворыць дэпутатка Савету Рэспублікі, старшыня асацыяцыі шматдзетных маці Тацяна Краўчанка:

(Краўчанка: ) “Ёсьць у нас такія бацькі-малайцы, якія зьяжджаюць, і іх гадамі знайсьці ня могуць. І тут ужо дзяржава бярэ на сябе адказнасьць і аплачвае алімэнты за таго бацьку, якога шукаюць. Сума гэтая не вялікая, але й не маленькая – у межах тых нормаў, якія ўстаноўленыя”.

Гаварыла дэпутатка Савету Рэспублікі, старшыня асацыяцыі шматдзетных маці Тацяна Краўчанка. Спэцыялістка Інстытуту праблем сям’і Алеся Чарняўская падтрымлівае беларуска-расейскую ініцыятыву, аднак мяркуе: каб выкараніць праблему запазычанасьцяў па алімэнтах, больш эфэктыўна было б скарыстаць міжнародную практыку.

(Чарняўская: ) “Ува ўсім сьвеце гэтая праблема вырашаецца праз дамову, якую падпісваюць людзі перад тым, як узяць шлюб. Гэта значыць, што ёсьць шлюбная дамова, ёсьць пагадненьне аб дзецях, дзе й запісана, колькі мужчына ці жанчына мусіць выдзяляць грошай на дзіця, якое гадуе ягоны былы абранец. І гэта адзіны варыянт. Іншая рэч, што ўсе нормы закону прыдатныя для людзей, якія намерваюцца выконваць гэты закон”.

Гаварыла спэцыялістка Інстытуту праблем сям’і Алеся Чарняўская. Карэнным чынам перагледзець сутнасьць праблемы і яе вырашэньне прапануе адна зь лідэраў жаночага руху Людміла Пеціна. Паводле яе, сутнасьць палягае ў працоўнай незапатрабаванасьці беларускіх грамадзянаў на радзіме. І таму пачынаць неабходна менавіта з сацыяльнай ўладкаванасьці беларускіх сем’яў:

(Пеціна: ) “Вельмі шмат мужчынаў памногу гадоў працуюць у Расеі, распадаюцца сем’і, там заводзяцца новыя, і даволі значная колькасьць жанчын жыве без падтрымкі сваіх былых мужоў. Па-першае, гэта праблема маралі, а па-другое, гэта праблема дзяржавы ў тым сэнсе, наколькі яна здольная вырашыць гэта. На маю думку, гэта можна вырашыць. Так застанецца да тае пары, пакуль людзі ня будуць мець добрага заробку ўнутры сваёй краіны. Калі перастануць выяжджаць на заробкі, калі змогуць працаваць у нармальных прававых рамках. Толькі тады гэтая праблема будзе вырашаная”.

Як паведамілі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі, праца над беларуска-расейскім міждзяржаўным пагадненьнем аб спагнаньні алімэнтаў будзе завершаная на працягу гэтага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG