Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Мілінкевіча заяўляе, што ўжо мае 50-60 тысячаў подпісаў


Радыё Свабода 9 студзеня некаторыя ініцыятыўныя групы падаюць вынікі збору подпісаў за сваіх кандыдатаў.

Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандра Бухвостава, іхная ініцыятыўная група на 9 студзеня сабрала 50-60 тысячаў подпісаў за свайго кандыдата.

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі паведаміў, што за ягоную кандыдатуру сабрана ня менш як 50 тысячаў подпісаў. Палітык спадзяваўся, што подпісаў будзе больш, але паводле яго “збор подпісаў – гэта ня збор мэталалому ці макулятуры”.

На сёньняшні дзень 15 тысячаў падпісаў сабрала ініцыятыўная групу Валера Фралова. Кіраўнік групы Фралова Ігар Азарка заявіў, што праца будзе ісьці больш інтэнсіўна. Працы групы можа паспрыяць выхад зь перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Вайтовіча. Ініцыятыўныя групы Вайтовіча і Фралова ў значнай ступені складаліся з адных і тых жа асобаў, і цяпер яны змогуць цалкам засяродзіцца на зборы подпісаў на карысьць генэрала Фралова. Ігар Азарка падкрэсьліў, што Валер Фралоў, у адрозьненьні ад Аляксандра Вайтовіча, ня мае намеру здымаць сваю кандыдатуру.

Прэсавая сакратарка каманды Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская сказала Радыё Свабода, што збор подпісаў ідзе добрымі тэмпамі, і ініцыятыўная група спадзяецца выйсьці на заплянаваную лічбу 200 тысячаў. Спадарыня Шыдлоўская адмовілася назваць дакладную лічбу на гэты момант. Паводле яе, лічба ўвесь час мяняецца, акрамя таго подпісы праходзіць уважлівую праверку ў штабе. Аднак паводле прадстаўніцы штаба Казуліна вынікі яго ініцыятыўнай групы – ня горшыя, чым у канкурэнтаў.

Збор подпісаў працягваецца да 27 студзеня. Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, ягоная ініцыятыўная група павінная сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў грамадзянаў на карысьць ягонага вылучэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG