Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве судзяць трох міліцыянтаў, якія падазраюцца ў забойстве Гангадзэ


Юры Дракахруст, Прага 9 студзеня ў Кіеве пачаўся судовы працэс на трыма супрацоўнікамі міліцыі, якія абвінавачваюцца ў забойстве ў 2000 годзе апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ. Малая заля судовага пасяджэньня не ўмяшчае ўсіх родных, адвакатаў і журналістаў, якія хочуць прысутнічаць на працэсе, які абвешчаны адкрытым. Удава забітага Міраслава Гангадзэ заяўляе, што на лаве падсудных сядзяць толькі выканаўцы забойства.

На лаве падсудных – тры былыя афіцэры міліцыі – Валер Кастэнка, Мікола Пратасаў і Аляксандар Паповіч. Удава забітага Міраслава, якая прыехала на працэс са Злучаных Штатаў, гаворыць, што сапраўдныя адказныя за сьмерць яе мужа дагэтуль не арыштаваныя.

(Гангадзэ: ) "Я лічу, што гэтага недастаткова, бо ў гэтых людзей не было ўласных матываў забіваць Георгія. Яны выконвалі злачынны загад. Яны мелі магчымасьць яго не выконваць і абараніць гонар мундзіру. Але яны яго выканалі, яны забілі Георгія і павінны панесьці пакараньне.

Наступны крок – гэта каб на лаве падсудных сядзелі замоўшчыкі гэтага злачынства. Яны вядомыя, і яны таксама павінны панесьці пакараньне, гэтак жа, як і тыя, якія сёньня будуць сядзець на лаве падсудных".

Міраслава Гангадзэ лічыць адным з галоўных вінаватых былога міністра ўнутраных справаў Аляксея Пукача. Цяпер Пукач знаходзіцца ў вышуку, ягонае месцазнаходжаньня невядомае.

(Гангадзэ: ) "Гэты загад аддаў генэрал Пукач. Генэрал Пукач браў непасрэдны ўдзел у забойстве. Пакуль што замоўшчыкі не знайшліся, і мы маем намер выклікаць шмат сьведкаў, якія могуць праліць сьвятло на гэтую справу, нават у гэтым судовым пасяджэньні".

Маці Георгія Гангадзэ Лэся не зьявілася на суд. Яна заяўляе, што не давярае ўкраінскаму правасудзьдзю. 19 сьнежня на папярэдніх слуханьнях справы суд адмовіўся задаволіць яе просьбу накіраваць справу на дасьледаваньне, каб знайсьці замоўшчыкаў і арганізатараў забойства.

Шмат людзей на Ўкраіне гавораць, што да забойства апазыцыйнага журналіста былі датычныя высокапастаўленыя асобы ранейшай украінскай улады, у тым ліку і прэзыдэнт Леанід Кучма.

У 2000 годзе былі абнародаваныя магнітафонныя запісы, нібыта зробленыя ў кабінэце былога прэзыдэнта Ўкраіны, дзе кіраўнік дзяржавы загадвае сілавікам правучыць журналіста. Тады абнародаваньне гэтых запісаў выклікала масавую кампанію “Украіна бяз Кучмы!” і істотна падарвала давер насельніцтвам да ўлады.

Леанід Кучма адхіляе гэтыя абвінавачваньні.

Падчас “аранжавай” рэвалюцыі абяцаньне давесьці да канца дасьледаваньне справы Гангадзэ было адным з галоўных перадвыбарчых абяцаньняў Віктара Юшчанкі.

Сёньня – першы дзень працэсу. Адвакат маці забітага Лэсі Гангадзэ Андрэй Фядур гаворыць пра важнасьць менавіта гэтага першага дня.

(Фядур: ) "Для мяне будзе вельмі важна, якія будуць заявы і хадайніцтвы. Ці будзе гэта так, як было 19-га сьнежня, калі, як кажуць, галоўным адвакатам падсудных быў пракурор ці ўсё ж такі пытаньні будуць разглядацца па сутнасьці. Сёньня для мяне асабіста будзе знакавае судовае пасяджэньне".

***

Георгі Гангадзэ быў скрадзены 16 верасьня 2000 года. Праз два месяцы ягоны абезгалоўлены труп быў знойдзены ў лесе пад Кіевам.

У тым жа годзе 7 ліпеня ў Беларусі быў скрадзены апэратар расейскай тэлекампаніі ОРТ Дзьмітры Завадзкі. Роўна за год да выкраданьня Гангадзэ 16 верасьня 1999 году ў Беларусі былі скрадзеныя вядомы беларускі палітык Віктар Ганчар і ягоны сябра – бізнэсовец Анатоль Красоўскі. 7 траўня 1999 года быў скрадзены былы міністар унутраных справаў Беларусі Юры Захаранка. Справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі не былі даведзеныя да суду. У сакавіку 2002 году быў вынесены прысуд былым супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня МУС, прызнаным вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага. Цела журналіста знойдзена не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG