Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніхто не хацеў паміраць”…


Сяргей Дубавец, Вільня Назва старога літоўскага кінафільма гучыць як аксіёма. Але 13 студзеня 1991 году ў Вільні тысячы людзей гатовыя былі абвергнуць гэтыя словы іншымі: ніхто не хацеў заставацца ў стойле, нават цаною жыцьця.

Сябра паведаміў, што літоўскія ўрадоўцы расшукваюць беларусаў, якія 13 студзеня 1991 году ў Вільні бралі ўдзел у абароне парлямэнту і тэлевізійнай вежы. Тады ў цэнтры Вільні сабраліся 300 тасяч чалавек пад дзясяткамі розных нацыянальных сьцягоў. Беларусы, натуральна, пад бела-чырвона-белымі. Кажу “натуральна”, бо міжволі спрабую ўявіць на тым пляцы сьцягі чырвона-зялёныя, бо, можа, і насамрэч існуюць нейкія дзьве праўды пра нас. Але ўявіць не атрымліваецца. У часы ўсеагульнага ўздыму праўда адслайваецца ад хлусьні і абедзьве застаюцца існаваць паасобку ў чыстым выглядзе. Там, на пляцы, чыстая бяззбройная праўда супрацьстаяла танкам і амону. Пад дробным сьняжком дабраахвотнікі-абаронцы цягалі арматуру і бэтонныя блёкі з суседняе будоўлі, складалі іх у барыкады і рыхтаваліся да адпору агрэсіі – зь зямлі, зь неба, адкуль заўгодна, толькі ўжо не з уласнае душы.

Напэўна, сёлета, на 15-я ўгодкі дня абаронцаў айчыны літоўскія ўрадоўцы хочуць выказаць беларускім удзельнікам сваю ўдзячнасьць. Хто там яшчэ памятае, што было ў 1991-м, а вось дзяржава літоўская памятае і ўшаноўвае тых, хто абараніў яе свабоду. І сёлета, як і кожны год, тысячы людзей прыйдуць на могілкі да помнікаў палеглых пад танкавымі тракамі і ад куляў амону. А беларускіх удзельнікаў адшукаюць і ўшануюць таксама. Я спрабую ўявіць сабе ўсё наадварот. Беларускія чыноўнікі ў Літве (ці дзе заўгодна) шукаюць абаронцаў свабоды Беларусі... Ізноў не атрымліваецца. Чаму? Паспрабую адказаць на гэтае пытаньне ў сёньняшняй перадачы.

* * *

На вуліцы яшчэ Савецкі Саюз, а ў Літве ўжо адкрыта гавораць пра незалежнасьць. Масква то там, то сям асаджае самастойныя памкненьні народаў: то ў Менску сьлезацечнымі газамі разганяюць мітынг-рэквіем, то ў Тбілісі – сапёрнымі лапаткамі нявечаць дэманстрантаў, то вось цяпер у Вільні – танкамі...

Журналісты ацанілі тыя падзеі, як перамогу літоўскага духу. У абгортцы цяперашняй бэтэшнай прапаганды гэта гучала б як “перамога літоўскага нацыяналізму”. Але вось факт: народ на віленскім пляцы сабраўся ледзьве не з усяго Савецкага Саюзу. І беларусы, і ўкраінцы, і палякі, і грузіны, і расейцы... Прасьцей сказаць, каго не было. Цэлы інтэрнацыянал гатовы быў пайсьці на ўсё дзеля гэтага самага літоўскага нацыяналізму – самага страшнага слова ў лексыконе цяперашніх прапагандыстаў РБ. Вось загадка для паспалітага грамадзяніна. Чаму? Што злучае іх з гэтым хітрым Ландсбергісам, якога мы ўсе, ды і самі літоўцы – як нам сказалі – на дух не пераносяць? Каб разгадаць гэты рэбус, я зьвяртаюся да колішняга інтэрвію Ўладзімера Кузьменкі, віленскага беларускага мастака, які за свой удзел у падзеях 13 студзеня быў ушанаваны дзяржаўным мэдалём Літоўскае Рэспублікі”.

(Кузьменка: ) “Для мяне не было такога абмежаваньня: незалежнасьць, дык толькі менавіта вось гэтая незалежнасьць Літвы. Для мяне незалежнасьць – гэта больш шырокае паняцьце. Ну і зразумела, па-першае гэта незалежнасьць Беларусі. Калі я ішоў сюды, я таксама думаў і пра Беларусь. Бо як яшчэ Міцкевіч сказаў Адам, калі ты ня можаш змагацца за свабоду ў сябе на радзіме, ты змагайся там, дзе гэта магчыма...”

* * *

(Дубавец: ) “ ... І адкуль толькі бяруцца на шматлюдных мітынгах гэтыя ўвішныя кабеткі з бутэрбродамі і кавай для ўсіх ахвочых! Раз, і яны ўжо паўсюль. Першая прыкмета таго, што мітынг сфармаваў у сабе сваю волю, за якую гатовы стаяць да канца. Мы стаім ужо не на знак пратэсту, а таму, што мы ведаем праўду. А яшчэ паўсюль ходзяць строгага выгляду маладзёны, якія раздаюць маленькія фатаграфіі з абразом Божае Маці. І кожны прысутны кладзе гэты здымак ва ўнутраную кішэню, да сэрца. Хто яго ведае, што зараз будзе...”

(Кузьменка: ) “Ужо да гэтага часу мы, беларусы тут у Вільні, былі ўсе настроеныя на падтрымку незалежнасьці Літвы. 12-га я выйшаў на кухню і гляджу – па дарозе ідуць савецкія танкі, адзін за адным. І шмат народу туды цячэ. А так атрымалася, што я адзін заставаўся ў хаце. І ноччу пачалася такая сырэна... Што я з часоў вайны... Толькі тады такую сырэну чуў. І пачалося. Такі грукат, такія стрэлы. Ну, і я пайшоў туды, дзе гэта было. Пайшоў да вежы. Там ужо было шмат народу, сьпявалі, усё... Танкі толькі падходзілі. Там такі грукат стаяў! Я трошкі пабыў там. Думаю, пайду, вярнуся дамоў. Толькі я прыйшоў, і чую – міжгародні тэлефон. Званіў мне зь Менску Марачкін Алесь, мастак. Кажа, Валодзя, што там у вас адбваецца? Мне, кажа, толькі што пазваніў зь Вільні ваенны, беларус, ён плача, кажа, тут такое будзе, што нават у Грузіі не было. Дык што там адбываецца? Я кажу... А тут было чутна – стрэлы і грукат... Я паднёс тэлефон, кажу: чуеш? Ён кажа: чую. Дык, кажу, вось што тут адбываецца. Я быў, зараз яшчэ зьбіраюся туды пайсьці. Я табе буду званіць і інфармаваць, што там будзе адбывацца.

І я зноў туды накіраваўся. Перад тым, як пайсьці, я падышоў да вакна і гляджу – ідуць бронетранспарцёры. І ўжо не з таго боку, а ад лесу, яны акружалі ўжо. Я нават перабег дарогу аднаму транспарцёру. Потым ішлі легкавыя машыны зь цёмнымі вокнамі. Гэта, відаць, везьлі туды начальства. Калі я ўжо туды прыйшоў, там ужо ўсё адбылося, ахвяры былі”...

(Дубавец: ) “З парлямэнту на пляц зьвесткі даходзяць нерэгулярна. Парлямэнт кіпіць, нібы вулей. Ландсбергіс дае інтэрвію CNN – па-ангельску. Для савецкага вуха яшчэ крыху нязвыкла, каб кіраўнік краіны гаварыў на замежных мовах... Тым часам трохсоттысячны пляц слухае “Свабоду”. “Свабода” ледзь не штохвіліны распавядае, што адбываецца ў сьвеце і што адбываецца з намі. У сьвеце адна праблема – Садам Хусэйн, які напаў на Кувэйт. Садама асуджае ўвесь сьвет. Я хацеў сказаць пра эфэкт дэжавю, але зноў у мяне нешта не атрымліваецца. 15 гадоў назад нават “Советская Белоруссія” называла Садама злачынцам, а сёньня такое і ўявіць сабе немагчыма...

Аднак інфармацыя пра Садама ўжо даўно стала на другое месца пасьля інфармацыі пра нас. Радыё Свабода распавядае нам пра тое, што ў гэты самы момант калёна танкаў і бэтээраў выйшла з Паўночнага гарадка і кіруецца да Зялёнага моста – гэта значыць, у наш бок. Людзі заварушыліся. Дзядзька, які прыбіваў свой партбілет цьвіком да ганебнага слупа, шчодра ўвешанага савецкімі дакумэнтамі і ўзнагародамі, кінуўся да тунэлю, які праходзіць пад плошчай і першы закрычаў, што ўжо чуцён танкавы гул. Кабеты, якія разносілі бутэрброды, пачалі сьпяваць. Людзі шчыльней падступілі да вогнішчаў. Стала крыху вусьцішна, але пры тым -- чыста на душы...

Слухаючы згадкі мастака Ўладзімера Кузьменкі, якога летась ня стала, я думаю пра нашых гераічных пэнсіянэраў, якія кажуць, што ім не патрэбны ніякі іншы рэжым, а толькі гэты, бо дае чарку і скварку.

Я зноў раблю спробу ўявіць сабе немагчымае, каб якая-небудзь даярка ці які шахцёр з трыбуны зьезда КПСС дзякаваў партыі за чарку, скварку і стабільнасьць. Не атрымліваецца. Пры ўсёй карыкатурнасьці тых даярак, савецкі чалавек, выхаванец савецкай школы, які памяняў парадак сваіх каштоўнасьцяў і перад ідэаламі паставіў каўбасу, заслугоўваў усеагульнага асуджэньня. Бо сорамна ганарыцца стойлам. Было сорамна...

Гэтак я прыходжу да самае сутнасьці таго, што адбылося на віленскім пляцы 15 гадоў таму. Там адбылося разьдзяленьне высокага ідэалу і стойлавае задаволенасьці.

“А чыво тут такога, кагда ўсё ёсьць і пэнсію прыбаўляюць?” – не зразумее майго сораму апанэнт. Ды так, нічога. Як казала расейская паэтка Гіпіюс у такіх выпадках, “еслі надо об’яснять, то не надо об’яснять”. Аднак паспрабую ўсё ж быць зразуметым і адказаць на гэты крык пра стабільнае жыцьцё і падвышэньне пэнсіяў.

Стабільнасьць найперш адчуваецца ў адсутнасьці разьвіцьця. Што гэта такое? Гэта дэградацыя. За 12 гадоў кіраваньня цяперашняга рэжыму насельніцтва Беларусі штогод стабільна скарачаецца ў сярэднім на 50 тысяч чалавек. У выніку ў Беларусі ўпершыню на нашай з вамі памяці колькасьць насельнікаў стала меншаю за 10 мільёнаў чалавек. Ня трэба быць вялікім эканамістам, каб убачыць фіктыўнасьць гэтых манэтарных падвышак пэнсіяў і заробкаў. Сёньняшняя стабільнасьць ня ў тым, колькі даюць у заробак і колькі што каштуе. Яна нашмат прасьцейшая -- каб была скварка і чарка – любым коштам. Тым часам скарачаецца насельніцтва менавіта з боку маладой яго часткі – тых, каму ў гэтым жыцьці трэба хоць бы нешта яшчэ. Напрыклад, высокія ідэалы. Цяпер паглядзіце, што атрымліваецца. Пэнсіянэры грудзямі адцясьняюць моладзь ад высокіх памкненьняў, а моладзі фізычна з кожным годам робіцца ўсё меней. Яна проста зьнікае. Дык да чаго вядзе нас стабільнасьць?

Віленскі мастак Уладзімер Кузьменка ў гэтым інтэрвію згадвае падзеі 1991 году больш чым празь дзесяць гадоў. Быццам, шмат што зьмянілася ў жыцьці. Але вось пытаньне – калі б сёньня ўсё паўтарылася, ці пайшоў бы ён на пляц?”

(Кузьменка: ) “Справа ў тым, што я вельмі сьвядома тады ішоў. А зараз я б пайшоў, можа, яшчэ з большым энтузіязмам, чым тады. Я ішоў не за кагосьці асабіста, а супраць таго, што рабілася тут. Я ж ведаў. Я ўсё жыцьцё, і ў інстытуце... баяўся... Мне б не далі і закончыць нічога. Я б ня мог і ў вучылішча... Толькі ў калгасе. Мяне б нават брыгадзірам у калгасе не паставілі. Можа і паставілі б брыгадзірам, калі б я згадзіўся данасіць на каго. А так – не, ніякай бы дарогі не было. Я ж гэта ўсё ведаў... І што ў мастацтве рабілася... Таму і йшоў. І зараз бы пайшоў. Я ня буду казаць, што ўсё тут салодка, але тое, што ёсьць, тое і ёсьць. Тое, што Літва незалежная – гэта рэальнасьць. Каб Бог даў, і Беларусь хаця б на гэтую прыступку стала...”

(Дубавец: ) “Калі ў тунэлі пад плошчай пачуўся гул танкаў, гэта і быў голас стойлавай задаволенасьці. 15 гадоў таму ў Вільні нарадзілася ня толькі літоўская свабода, але і сучасны менскі рэжым. Менавіта зь Вільні ў Беларусь шырокім патокам сьцякаліся пераможаныя – афіцэры амону і проста незадаволеныя пэнсіянэры, якім у Літве крычаць пра стабільнасьць чаркі і скваркі ня стала каму і ня стала як. Былі ў гэтым патоку і чырвоныя прафэсары і партыйныя функцыянэры і вайсковыя чыны. Усім знайшлося месца ў структурах цяперашняе ўлады. На жаль, ніхто не дасьледаваў гэты паток – ягоны аб’ём, складнікі і тое, якім чынам ён паўплываў на сёньняшнюю сытуацыю. Але тое, што паўплываў, -- безумоўна.

Пасьля тых студзеньскіх падзеяў у Літве на 9 месяцаў запанавала двоеўладзьдзе. Само сабе жыло незалежнае грамадзтва са сваім парлямэнтам, газэтамі і падпольнай тэлевізіяй. І самі сабой жылі танкавыя камандзіры са сваімі газэтамі, якія, дарэчы, друкаваліся ў Менску, са сваёй тэлевізіяй, што рабілася ў захопленых будынках. Прыхільнікі высокіх ідэалаў адстойвалі высокія ідэалы, а прапагандысты стойлавай сытасьці прапагандавалі стойлавую сытасьць. Толькі ніхто іх ужо ня слухаў. Яны кожны дзень чакалі загадаў з Крамля, але здарыўся жнівеньскі путч, і яны мусілі поўным складам перабірацца галоўным чынам у Беларусь. Літоўцы канчаткова вызваліліся ад таго, што яны называюць акупацыяй, а беларусы атрымалі тое, што яны называць дзейнаю ўладай.

Пераемнасьць той акупацыі і гэтай улады бачыцца ва ўсім. У прыярытэце стойла над ідэалам. У характары тэлевізіі, якая толькі зьнешне пасыцела з таго часу. У колькасьці амону. У манерах чынавенства, калі гаворыць адзін, а астатнія калоцяцца ад страху. У паводзінах на выбарах. Іншы раз падумаеш – як гэта могуць бессаромна хлусіць і ўчыняць фальсыфікацыі тысячы і тысячы членаў выбарчых камісіяў? Але, мабыць, праблема ў табе. Тое, за што табе сорамна, ім -- сказалі, што правільна.

Падчас студзеньскіх падзеяў у Літве Беларусь яшчэ не прыняла на сябе іхную акупацыю, як сваю ўладу і таму выглядала зусім па-іншаму, ня так, як цяпер. Ужо ў пятніцу, 18-га, газэта “Літаратура і Мастацтва” выйшла пад шапкай “Яны зрабілі свой выбар. Дапаможам ім выстаяць”. Дзеля падрабязнага фотарэпартажу карэспандэнт Андрэй Ганчароў нават зьезьдзіў у Вільню. Праўда, тады было прасьцей тое, што сёньня сабе і ня ўявіш. Як напрыклад, зьезьдзіць у Вільню карэспандэнту “ЛіМа”. Ці як стыхійны мітынг у падтрымку Літвы на плошчы Леніна ў Менску. Ці як ажно дзьве дэлегацыі Вярхоўнага Савету БССР – афіцыйную і апазыцыйную, якія выехалі ў Вільню разьбірацца. Лінію Гарбачова – гэта ўжо ад Масквы – праводзіў тады ў Вільні таксама наш – Мікалай Дземянцей.

Алег Трусаў, тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету камэнтаваў падзеі ў Вільні наступным чынам:

“Савецкія цемрашалы вырашылі сілай задушыць імкненьне літоўцаў да незалежнасьці. Ленінскі досьвед сьведчыў, што спачатку трэба захапіць сродкі масавай інфармацыі – і танкі з дэсантнікамі рушылі на віленскую тэлевежу. Але здарылася нечаканае: сотні бяззбройных людзей з усёй Літвы ўзялі вежу ў жывое кола і сваімі грудзьмі закрылі яе. Многія загінулі, вежа была захопленая, але, дзякуючы тэлебачаньню, якое на ўвесь сьвет паказала кадры вандалізму, агрэсары былі спыненыя, літоўская дэмакратыя засталася існаваць, а Гарбачоў мусіў тэрмінова спыніць узброены канфлікт.

Пад уплывам віленскіх падзеяў з КПСС выходзяць апошнія бээнэфаўцы-камуністы. Нават камуністычная большасьць у Вярхоўным Савеце мусіла асудзіць чалавечыя ахвяры ў Літве і заклікаць крамлёўскае кіраўніцтва да дыялёгу”.

Нядаўні ўкраінскі майдан паводле духу і зьместу падзеяў быў тым самым віленскім пляцам 15-гадовае даўніны. Вось толькі рэакцыі афіцыйнае Беларусі, падобнае да той, колішняй, уявіць сабе немагчыма. У часе майдану афіцыйная РБ была ўся і цалкам на баку стойлавае задаволенасьці, а не высокіх ідэалаў. На жаль, гэта ізноў пераконвае, што ў Менску ля стырна стаяць тыя, каго 15 гадоў таму перамаглі і выгналі зь Вільні. Таму сёньняшні погляд у падзеі 15-гадовае даўніны для Беларусі – нібы погляд у заўтрашні дзень. Вось толькі запаліцца на небе зорка высокага ідэалу...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG