Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Казуліна скардзіцца на парушэньні выбарчага закону


Радыё Свабода Кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб накіраваў у Цэнтрвыбаркам і генэральную пракуратуру скаргі ў сувязі з парушэньнямі выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў.

У дакумэнце зазначаецца, што чальцы ініцыятыўнай групы сутыкнуліся з шэрагам парушэньняў пры зборы подпісаў. У ліку парушэньняў – адмаўленьне чальцам ініцыятыўнай групы ў зборы подпісаў у інтэрнаце № 1 Гарадзенскага ўнівэрсытэту, ціск на чальцоў групы з мэтай прымусіць выйсьці зь яе складу, адмаўленьне службовых асобаў Слуцкага гарвыканкаму засьведчыць падпісныя лісты.

Апрача таго, у скаргах гаворыцца, што подпісы ў падтрымку вылучэньня Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта зьбіраліся ў працоўны час не чальцамі ініцыятыўнай групы, што зьяўляецца грубым парушэньнем Выбарчага кодэксу.

Такія выпадкі, у прыватнасьці, былі зафіксаваныя ў Віцебску і Менску, паведамляе кіраўнік ініцыятыўнай групы А.Казуліна.

У сувязі зь пералічанымі фактамі Мечыслаў Грыб просіць ЦВК даць тлумачэньні выканаўчым уладам на месцах наконт засьведчаньня і рэгістрацыі падпісных лістоў, а органам унутраных справаў – наконт нечыненьня перашкодаў збору подпісаў.

Усе гэтыя факты былі таксама прадстаўлены для азнаямленьня ў офіс АБСЭ ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG