Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкі подпісаў скардзяцца пракурору на міліцыянтаў


Радыё Свабода Сёньня ў Калінкавічах зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча Аляксей Маневіч ды Дзяніс Рабянок накіравалі скаргу раённаму пракурору Сяргею Ярмоленку на дзеяньні мясцовых міліцыянтаў.

Учора каля крамы “Анры” ўзброеныя аўтаматам сяржанты міліцыі затрымалі зборшчыкаў подпісаў за Мілінкевіча Дзяніса Рабянка ды Аляксея Маневіча. І хаця апошнія мелі пры сабе адпаведныя пасьведчаньні Цэнтрвыбаркаму ды пашпарты, узброены патруль усе адно пасадзіў іх у аўтамашыну і даставіў у пастарунак.

(Маневіч:) “Мы сёньня адпраўляем скаргу ў пракуратуру ў сувязі з неправамернымі дзеяньнямі міліцыі. Мы просім пракурора, каб ён трохі навучыў заканадаўству супрацоўнікаў міліцыі”, -- кажа Аляксей Маневіч.

Начальнік штаба калінкавіцкай міліцыі маёр Хадакоў, які быў учора адказным дзяжурным, выклаў сваю вэрсію затрыманьня зборшчыкаў подпісаў:

(Хадакоў:) “Паступіла паведамленьне па лініі 02. Жанчына: што ў вас творыцца ў горадзе! Тут, каля крамы, паліваюць гразёю прэзыдэнта Лукашэнку, урад, усё ў цэлым. Натуральна, мы павінны адрэагаваць. Таму дзяжурны РАУСу накіроўвае туды нарад аховы. Яны прыяжджаюць, разумееце, сяржанты, будзем так казаць… Дастаўляюць іх у РАУС – Рабянка і Маневіча. Добры дзень -- добры дзень. Вашы дакумэнты -- калі ласка. Усё законна, пытаньняў няма”.

Маёр Хадакоў адмаўляе, што патрабаваў у зборшчкаў паказаць яму падпісныя лісты. Проста запрашаў іх у кабінэт, каб занатаваць пашпартныя зьвесткі - дзеля рэагаваньня на званок у міліцыю па лініі 02.

Нічога страшнага ў затрыманьні зборшчыкаў подпісаў міліцэйскі начальнік ня бачыць. Непаразуменьне адносіць на ўзровень адукацыі міліцыянтаў:

(Хадакоў:) “На сёньняшні дзень, будзем так казаць, і ў міліцыі ёсьць у кожнага свая адукацыі, свой узровень разьвіцьця. Каманда паступіла ад дзяжурнага даставіць – яны і даставілі. Нічога тут страшнага. Пабылі зборшчыкі тут хвілінаў 5-7, не болей, і зноў ты іх адвезьлі назад. Папрасілі іх прабачэньня. Мы ж ім не нічога грубілі”, - сьцьвярджае маёр міліцыі Міхаіл Хадакоў.
XS
SM
MD
LG