Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Мілінкевіч наведвае Францыю, А.Казулін і В.Фралоў — рэгіёны Беларусі


Радыё Свабода Пакуль ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў зьбіраюць подпісы, самі прэтэндэнты шмат езьдзяць. Аляксандар Мілінкевіч сёньня з аднадзённым візытам знаходзіцца ў Францыі, Аляксандар Казулін вярнуўся з паездкі па Менскай вобласьці; Валеры Фралоў сустракаецца зь сябрамі сваёй ініцыятыўнай групы ў рэгіёнах Беларусі.

Як паведаміў прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка, візыт лідэра аб’яднанай апазыцыі ў Францыю адбываецца на запрашэньне францускага ўраду.

(Мажэйка: ) “У сваю чаргу, Мілінкевіч падчас візыту ў Францыю, ягоных выступаў у парлямэнце, сустрэчаў з палітыкамі хоча распавесьці пра тую сытуацыю, якая складваецца ў Беларусі, пра магчымыя сцэнары яе разьвіцьця, і адначасова паказаць, якую ролю магла б адыграць Францыя ў працэсе дэмакратызацыі Беларусі”.

У Парыжы ў Мілінкевіча заплянаваныя сустрэчы зь міністрам замежных справаў Францыі Філіпам Дуст-Блязі, іншымі францускімі палітыкамі, выступ у парлямэнце, а таксама інтэрвію францускім газэтам.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова Ігар Азарка паведаміў, што ягоны прэтэндэнт да канца тыдня знаходзіцца ў паездцы па рэгіёнах Беларусі, дзе сустракаецца з актывістамі сваёй каманды. Нягледзячы на тое, што партнэр Валерыя Фралова Аляксандар Вайтовіч зьняўся з выбарчай гонкі, Ігар Азарка мае намер актыўна працягваць працу:

(Азарка: ) “Мы ідзем, як гаворыць генэрал, да канца, і сябраў нашай ініцыятыўнай групы гэта задавальняе”.

Аляксандар Казулін толькі што вярнуўся з паездкі па Меншчыне, заўтра ён наведвае чарговы рэгіён, будзе сустракацца зь сябрамі сваёй каманды, мясцовымі жыхарамі. Пра свае ўражаньні ад правінцыі спадар Казулін паведаміў:

(Казулін: ) “Ёсьць пэўны страх у людзей — бо яны могуць страціць працу. Гэта адбіваецца, але зь іншага боку, значная частка людзей гаворыць, што яны стаміліся баяцца: колькі ўжо можна, далей ужо няма куды баяцца, немагчыма, каб было яшчэ горш”.

А Сяргей Гайдукевіч сёньня правёў нараду ў штабе, падчас якой моцна крытыкаваў сваю каманду:

(Гайдукевіч: ) “Наперад ісьці, наперад, і ніякіх не павінна быць пытаньняў, цяпер падкацілі ўсе, падлічылі, больш за 50 тысяч подпісаў, ну нармальна — але дрэнна, кажу, дрэнна працуеце, таварышы, на лідэра партыі, працаваць трэба з ранку да вечара”.

Тым часам ініцыятыўная група Зянона Пазьняка пачала распаўсюджваць улёткі з апісаньнем працэдуры “народнага галасаваньня” і заклікамі да фармаваньня Народнай грамадзкай камісіі, якая мае сабраць прынесеныя выбаршчыкамі бюлетэні.
XS
SM
MD
LG