Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На радзіме Аляксандра Лукашэнкі пабудуюць басэйн


Ігар Карней, Менск На радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў вёсцы Александрыя неўзабаве зьявіцца 25-мэтровы крыты басэйн з трэнажорнай заляй. Як апавялі нашаму карэспандэнту Ігару Карнею ў арганізацыі “Менскпраект”, будынак будзе адпавядаць мясцоваму пэйзажу і выглядаць як вясковая хата.

Праект басэйну для Александрыі распрацавала сталічная ўстанова “Менскпраект”. Галоўны архітэктар Уладзімер Архангельскі расказаў, што такія аб’екты будуць складаць інфраструктуру так званых аграгарадкоў, узьвядзеньне якіх масава пачнецца сёлета. Дагэтуль басэйны ў сельскай мясцовасьці асобнымі будынкамі практычна не ўзводзіліся — яны зрэдку сустракаліся толькі ў асобных школах.

(Архангельскі: ) “Гэта ўсё робіцца ў кантэксьце аграгарадкоў, якія будуюцца па ўсёй рэспубліцы. Тое, што дзяржаўнай палітыкай акрэсьлена, пад’ём аграгарадкоў гэтых, то ўсё гэта і выконваецца. Адзінае, што ідзе ўсё ня так хутка, як, можа, хацелася. Аднак хутка і ня можа быць: будаўніцтва – гэта не такая хуткая справа”.

Стала вядома, што 25-мэтровы басэйн зь дзіцячым аддзелам і трэнажорнай заляй будзе стылізаваны пад вясковую хату. Спадар Архангельскі перакананы: стыль бясформенных “скрыняў” не пасуе да вясковага краявіду, таму ўпершыню экспэрымэнтавалі зь нестандартнымі для такіх аб’ектаў формамі.

(Архангельскі: ) “Стылізавана, каб аблічча збудаваньня не адрозьнівалася ад будынкаў сельскай мясцовасьці. Іншымі словамі, выглядаць ён павінен адпаведна — са схіленым дахам. Прынамсі, гэта не гарадзкі палац культуры, а сельская пабудова, якая не выпадае з пэйзажу. Як хата ён выглядае. Але, у прынцыпе, гэта даволі стылёва. З матэрыялаў — цэгла, газасылікат, бэтон у падмурку, бо, вядома ж, нічога паплыць не павінна”.

Цяпер праект басэйну для Александрыі, дзе сёлета пачнецца ўзьвядзеньне аграгарадка, праходзіць экспэртызу ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва. Архітэктар Уладзімер Архангельскі хацеў бы, каб ягоная праца ўрэшце была ўзятая за аснову тыпавых басэйнаў для сельскай мясцовасьці. Кажа, што добра вывучыў патрэбы вяскоўцаў і перакананы, што гігантаманія тут непатрэбная.

(Архангельскі: ) “Гэта хоць і стандартны 25-мэтровы басэйн, але там мяркуецца толькі тры дарожкі. Для гораду, канечне, такі варыянт непрымальны, бо малая прапускная здольнасьць. Але для сельскай мясцовасьці, аграгарадка таго ж — самы раз. Ну, і дзіцячы “жабнік” заплянаваны. А яшчэ невялікая заля, дзе трэнажоры разьмесьцяць”.

Як кажуць спэцыялісты, утрымліваць басэйн — досыць дорага для калгасаў, якія мусяць знайсьці на гэта дадатковыя грошы. Апроч таго, патрэбны падрыхтаваны пэрсанал, які павінен падтрымліваць тэмпэратурны рэжым і санітарныя нормы ў басэйне.

Між тым, далучэньне вяскоўцаў да здаровага ладу жыцьця набірае абароты. У вёсцы Зубава, якая зусім блізка ад Александрыі, пабудавалі спартовы комплекс, якому можа пазайздросьціць любы гараджанін. Праўда, наведнікаў там ня вельмі шмат.

На здымку: спарткомплекс у Зубаве (фота аўтара)

XS
SM
MD
LG