Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага зборшчыка подпісаў за Мілінкевіча зьбілі невядомыя


Радыё Свабода, Менск У штабах апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі цьвердзяць, што збор подпісаў у рэгіёнах суправаджаецца ціскам з боку ўладаў на сябраў ініцыятыўных груп.

У Гомлі пастаянна працуе сем пунктаў збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Таксама яны ёсьць у такіх раённых гарадах як Жлобін, Рагачоў, Рэчыца, Мазыр, Калінкавічы і Сьветлагорск. Але асноўным спосабам збору подпісаў застаецца абыход кватэраў. Падчас Калядаў ня ўсе ахвотна адчыняюць дзьверы, а некаторыя прымаюць зборшчыкаў за калядоўнікаў.

Паводле кіраўніка Гомельскага абласнога штабу Ўладзімера Кацоры сёньня ў Калінкавічах міліцыянты затрымалі двух сябраў ініцыятыўнай групы, адвезьлі ў аддзел міліцыі і патрабавалі паказаць падпісныя лісты, а ў Гомлі зборшчыка подпісаў Зьмітра Скрабава зьбілі невядомыя каля аднаго з пад’ездаў і ён цяпер знаходзіцца ў лякарні.

Апроч такіх выпадкаў, адбываецца ціск на зборшчыкаў, якія маюць месца працы ў дзяржаўных установах. Іх прымушаюць выйсьці з ініцыятыўнай групы. Пра такія факты распавяла Валянціна Кудлацкая з Верхнядзьвінскага раёну, якая зьбірае подпісы за Аляксандра Мілікевіча і Аляксандра Казуліна.

(Кудлацкая: ) “У нас цягам тыдня ўсю ініцыятыўную групу перашарсьціла міліцыя. Міліцыянты прыходзілі нават дадому, на працу. Ім было даручана правяраць нас. Былі тэлефанаваньні з КДБ. Зараз ужо некаторыя сябры ініцыятыўнай групы зьбіраць подпісы ня будуць, таму што ў іх цяпер пытаньне пастаўлена так: ці подпісы ці праца”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб таксама распавёў пра факты запалохваньня зборшчыкаў подпісаў.

(Грыб: ) “ У Слуцку двух вайскоўцаў наш каардынатар арганізаваў, каб яны зьбіралі подпісы. А на яго наехала вайсковая контрвыведка і давай палохаць гэтых людзей. Прымусілі даваць нейкія паказаньні. І людзі вельмі баяцца, ня хочуць ні зьбіраць подпісы, ні скардзіцца на тых крыўдзіцеляў, якія парушылі іх правы”.

Да таго ж, сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі запэўніваюць выбарнікаў, што подпіс можна аддаваць толькі за аднаго кандыдата і што падпісвацца за альтэрнатыўнага нельга, кажа прэтэндэнт у кандыдаты Валеры Фралоў.

(Фралоў: ) “Ва Ўзьдзе хадзілі прадстаўнікі так званай ініцыятыўнай групы Аляксандра Рыгоравіча і ўдаўблівалі людзям, што яны толькі раз могуць паставіць подпіс, хаця яны маюць права хоць за пяцёх паставіць. Ідзе, бясспрэчна, процідзеяньне”.

Таксама прадстаўнікі адміністрацый часам пасылаюць сваіх падначаленых зьбіраць подпісы за Лукашэнку, хаця яны не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы. Пра гэты факт распавёў Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Хаця я, напрыклад, не разумею навошта дапускаць парушэньні, зьбіраючы подпісы за Аляксандра Рыгоравіча. Але людзі неяк, калі іх прымушаюць зьверху, парушаючы ўстаноўлены парадак, а гэта ўсё ідзе данізу і так адно парушэньне цягне за сабой адно-два-чатыры…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG