Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы занепакоены станам польскай меншасьці ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польcкі Сэнат у адмысловай заяве выказаў занепакоенасьць сытуацыяй польскай меншасьці ў Беларусі. Гэты дакумэнт, а таксама нядаўняя сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча з кандыдатам аб’яднанай беларускай апазыцыі на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам, ізноў скіравалі ўвагу польскага грамадзтва ў бок Беларусі.

У сваёй заяве польскі Сэнат выказаў “сур’ёзную занепакоенасьць сытуацыяй, у якой апынулася польская нацыянальная меншасьць у Беларусі”. Сэнатары заявілі, што падтрымліваюць “усе захады ўраду, а таксама незалежных грамадзянскіх ініцыятываў, скіраваныя на тое, каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай”. Сэнат лічыць, што польскія ўлады павінны падрыхтаваць доўгатэрміновы плян больш шырокага супрацоўніцтва з палякамі, што жывуць у Беларусі.

Гаворыць аўтар праекту рэзалюцыі, сэнатар Стэфан Несялоўскі.

(Несялоўскі: ) “Вельмі важна, што мы гаворым пра павелічэньне фінансавай дапамогі палякам, што жывуць у Беларусі. Гэта адна з найважнейшых рэчаў”.

Польскі Сэнат таксама будзе на міжнароднай арэне – у Эўразьвязе і НАТО – інфармаваць саюзьнікаў пра сытуацыю польскай меншасьці ў Беларусі “ў кантэксьце сталага абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў у гэтай краіне”.

Сэнатары рэкамэндавалі ўраду таксама зрабіць усё, каб беларусы мелі свабодны доступ да інфармацыі. Менавіта пра гэта казаў напярэдадні прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч пасьля спатканьня ў Беластоку з Аляксандрам Мілінкевічам.

(Марцінкевіч: ) “Радыё для Беларусі павінна пачаць вяшчаньне цягам найбліжэйшых тыдняў”.

Падрабязнасьцяў пра новае радыё, і пра тое, калі дакладна яно пачне вяшчаньне, пакуль няшмат. Вось што сказаў польскаму тэлебачаньню прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Павал Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “Найбольш праблемаў як заўсёды у дэталях, якія тычацца працэдуры тэндэру, фінансаваньня, стварэньня інфраструктуры радыё. Гэтая праца працягваецца”.
XS
SM
MD
LG