Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вайтовіч зьняў сваю кандыдатуру (абноўлены)


Радыё Свабода Былы старшыня Савету Рэспублікі акадэмік Аляксандар Вайтовіч ужо ня ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі як прэтэндэнт на кандыдата. Засталося сямёра прэтэндэнтаў: Зянон Пазьняк, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Лукашэнка, Валеры Фралоў, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін і Сяргей Скрабец.

У сумеснай заяве яшчэ напрыканцы сьнежня Аляксандар Вайтовіч і Валеры Фралоў выклалі ўмовы, якія абодва палітыкі лічаць неабходнымі для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Яны патрабавалі, каб Аляксандар Лукашэнка адмовіўся балятавацца на трэці тэрмін, каб быў забясьпечаны роўны доступ да мэдыяў, каб улады ўключылі іх прадстаўнікоў у выбаркамы. Аднак, паводле спадара Вайтовіча, ніводнай з гэтых умоваў улады ня выканалі, і выбары ня будуць справядлівымі і дэмакратычнымі.

(Вайтовіч: ) “Я адмовіўся, бо гэта безвынікова, ня будзе ніякіх выбараў. Таму няма сэнсу ўдзельнічаць, траціць сілы і сродкі. Я лічу, што далей браць удзел у выбарах — гэта значыць, рабіць легітымнымі наагул гэтыя выбары і ўдзел у іх Аляксандра Лукашэнкі. Па другое, няма сэнсу, таму што ўсё будзе зроблена, як было зроблена ў 2004 годзе. Ня будзе ніякіх выбараў, будзе аб’яўлены вынік, і ўсё”.

Ініцыятыўная група сабрала больш як 20 тысяч подпісаў выбарнікаў. Цяпер спадар Вайтовіч плянуе ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі. Але ён пакуль не разглядае магчымасьці далучэньня да каманды аднаго зь іншых прэтэндэнтаў.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька лічыць лягічным скарыстаць усе магчымасьці гэтай “кампаніі бяз правілаў”.

(Лябедзька: ) “Трэба было ісьці адной камандай, гэта было б найбольш моцна. Было б добра, калі б Вайтовіч цяпер далучыўся да адзінага кандыдата, і той патэнцыял, які ёсьць у яго і ягонай каманды — цяпер мы папрацавалі б у адным рэчышчы”.

Сяргей Гайдукевіч не жадае паўтараць учынку спадара Вайтовіча:

(Гайдукевіч: ) “Зьняўся адзін са слабенькіх прэтэндэнтаў — ну, і дзякуй Богу. Мне ні халодна, ні горача. Увязаўся ў бойку, а потым кажа: не па правілах б’юцца, і ўцёк. А калі ж выйграваць тады? Трэба ж мець жаданьне, каб выйграваць”.

Паводле Аляксандра Казуліна, слабы заўсёды гатовы знайсьці апраўданьне таму, чаго ён не зрабіў:

(Казулін: ) “У любых умовах мы павінны, у першую чаргу, дабівацца выніку. Дасягнуць мэты можна толькі ідучы да яе, а не ляжаць альбо ісьці ў адваротным кірунку”.
XS
SM
MD
LG