Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы адсьвяткавалі Каляды


Іна Студзінская, Менск Завяршаецца сьвяточны маратон. Як мінулымі выходнымі адсьвяткавалі Божае Нараджэньне праваслаўныя, ці адчувалася сьвята ў вёсках і сталіцы.

Сёлета амаль усе зімовыя сьвяты супалі з выходнымі, калядных вакацыяў ў краіне не абвяшчалася. Але нягледзячы на канфэсійную прыналежнасьць, беларусы апошнім часам сьвяткуюць і 25-га сьнежня, і 7 студзеня. Як адзначае Каляды вёска, мне распавяла пэнсіянэрка спадарыня Ларыса са Случчыны.

(сп.Ларыса: ) “Такога, як некалі, няма. Я памятаю, былі ж яшчэ кірмашы, на кірмашы ж езьдзілі. Вось я памятаю, напрыклад, на Каляды абавязкова быў кірмаш у Баянічах. З усіх навакольных вёсак зьяжджаліся на кірмаш, сьвяткавалі разам Каляду. А цяпер ужо няма такога. Але Каляды сьвяткуюць”.

Звычайна ў вёску з гораду да бацькоў на Каляды абавязкова прыяжджаюць дзеці з унукамі. У вёсцы традыцыі захаваліся, сьцьвярджае спадарыня Ларыса са Случчыны.

(сп.Ларыса: ) “Захаваліся традыцыі. Не цалкам, але часткова захаваліся. Шчодрая куцьця, бедная – ва ўсіх хатах куцьцю гатуюць. Ходзяць у “шчадры”, шчадруюць. Нават пры савецкіх часах пра Ражство і Вялікдзень ніколі не забываліся на вёсцы. І цяпер таксама.

(Карэспандэнтка: ) “Людзі больш сталага ўзросту сьвяткуюць, ці і моладзь таксама?”

(сп.Ларыса: ) “Канешне, больш сталага. Трыццаці, сарака, пяцідзесяцігадовыя. Ну а дзеці таксама ведаюць, што рабіць нічога ня можна. Многія езьдзяць да нас у царкву, на ўсяночную на Вялікдзень, і зараз”.

Што да гораду, хто ня зьехаў да бацькоў у вёску, проста накрываюць стол – ёсьць падстава добра выпіць і закусіць. Ды яшчэ дзеці ходзяць па кватэрах да суседзяў быццам бы калядаваць. Але, на жаль, ні касьцюмаў, ні масак у іх няма, ня ведаюць нават калядных песень. Складваецца ўражаньне, што проста просяць пачастунак. Да прыкладу, да мяне сёлета прыходзілі кампаніяў 6-7. Гараджанін ў трэцім пакаленьні спадар Віктар пра сьвяты ў сталіцы распавёў наступнае:

(Віктар: ) “У Менску мала дзе адчуеш атмасфэру сьвята. Адчуў гэтымі днямі я яе толькі аднойчы, калі зайшоў у Катэдральны касьцёл. Там была звычайная казань, і людзі былі, з аднаго боку, вельмі простыя, а з другога, вельмі ўзрушаныя. Тое, што людзі ў гэтыя дні прыходзяць у сьвятыню, і прысутнічае настрой, гэта і стварае атмасфэру таго, што Каляды ёсьць, ёсьць Божае Нараджэньне. Толькі ў такіх месцах гэта можна адчуць – атмасфэру сьвята. Бо ў краме можна адчуць сьвята толькі калі ў цябе ёсьць грошы. А ў касьцёле, царкве сьвята адчуваецца заўсёды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG