Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскол паміж пісьменьнікамі асабліва заўважны ў правінцыі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Раскол паміж пісьменьнікамі, падзел на ляяльных да ўладаў і “сумнеўных” асабліва заўважны ў правінцыі. У Горадні вельмі хутка была зарэгістраваная абласная філія новага саюзу пісьменьнікаў. Хаця раней з рэгістрацыяй аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў узьнікла нямала праблемаў. Сёньня адбываецца пераманьваньне людзей са старога саюзу ў афіцыйны, каб на плянаваным у Менску зьезьдзе іх было значна больш, чымсьці на устаноўчым, дзе прафэсійных літаратараў прысутнічала крыху болей за паўсотні.

Сярод мясцовых пісьменьнікаў распаўсюдзілася чутка, што ў Менску плянуецца сустрэча зь кіраўніком дзяржавы. Магчыма, гэта падштурхнула некаторых добраахвотна напісаць заявы ў новы саюз. Старшыня філіі новай пісьменьніцкай арганізацыі Людміла Кебіч гаворыць, што пакуль толькі існуе задума наконт сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, але ў ёй хутчэй будуць удзельнічаць ня ўсе дэлегаты зьезду, які таксама плянуецца правесьці, а толькі “вядучыя і самыя мудрыя” пісьменьнікі. Паводле яе, тыя, хто ўступае ў афіцыйны саюз, будуць выходзіць з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

У правінцыі прафэсійных літаратараў няшмат, ніхто зь іх сам не спрабуе абвастраць адносіны, але імкненьне ўладаў падзяліць пісьменьнікаў робіць сваё. Пра тых, хто сам пабег туды, гавораць: калі не напісаў нічога вартага, будучы ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, у новым таксама не напіша. Калі націскаюць на тых, хто працуе ў дзяржаўных установах, дык атрымліваецца нейкі саюз службоўцаў, якія займаюцца літаратурай. Дарэчы, ня ўсе згаджаюцца падпарадкавацца. Тым жа часам існуе частка ненадзейных з пункту гледжаньня ўладаў прафэсійных пісьменьнікаў, якім нават не прапануюць перайсьці ў новую арганізацыю. Данута Бічэль у Саюзе пісьменьнікаў больш за 40 гадоў, доўгі час кіравала абласной філіяй. Іншыя паэткі, якім яна давала творчыя рэкамэндацыі, цяпер у новым саюзе. Яна гаворыць, што ваяваць зь імі не зьбіраецца, але і сябраваць ужо ня хоча.

Што да пазыцыі пісьменьнікаў, якія жывуць у раённых гарадах, то некаторыя зь іх у лістападзе ўдзельнічалі нават ва устаноўчым зьезьдзе новага саюзу ў Менску. Найбольш пісьменьнікаў на Слонімшчыне — шэсьць чалавек, зь іх пакуль у афіцыйны саюз ніхто не перайшоў. Я размаўляў зь Сяргеем Чыгрынам, ён казаў, што большасьць туды ня пойдзе, саюз гэты ім не патрэбны. Існуе недзяржаўная “Газета Слонімская”, у якой яны друкуюць пастаянна і паэзію, і прозу, у іх там нармальнае літаратурнае жыцьцё. Праўда, мясцовым уладам яны непатрэбныя. Пры канцы году было 75 год Міколу Арочку, які жыве на вёсцы, пра юбілей не ўзгадала нават раённая газэта. Сяргей Чыгрын кажа, што Міколу Арочку ў сьнежні ледзь не забіў на сьмерць п’яны сусед. І толькі пасьля таго, як пра здарэньне напісала “Газета Слонімская”, на старога паэта зьвярнулі ўвагу: яго наведаў участковы міліцыянт і нават адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Вось так жывуць беларускія пісьменьнікі ў правінцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG