Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да сустрэчы ў час перамогі!” – прапанова Банку народнай мудрасьці


Уладзімер Глод, Менск Ад самага пачатку выбарчага прэзыдэнцкага маратону на каманду Аляксандра Мілінкевіча пачаў працаваць Агульнанацыянальны банк народнай мудрасьці. Яго мэта акумуляваць парады людзей пра стратэгію і тактыку выбарчай барацьбы. Што раяць палітыкам людзі, што яны чакаюць ад выбараў?

Ствараць гэты банк пачаў цяперашні ценявы ўрад. І пачалася гэтая праца менавіта пад прэзыдэнцкія выбары. Кіраўнік ценевага ўраду Анатоль Лябедзька цьвердзіць, што гэта была ініцыятыва зьнізу.

(Лябедзька: ) "Як толькі пачалася выбарчая кампанія, людзі пачалі дасылаць свае розныя прапановы: так зрабіць, так арганізаваць... Гэта быў вялікі паток прапаноў, які ішоў зьнізу. І таму мы хацелі далучыць да гэтага як мага больш людзей. Чым больш людзей будзе да гэтага далучана, тым больш моцнай будзе гэтая праграма, якая абапіраецца на людзей. Магчыма, ня ўсе прапановы будуць прафэсійныя, але ж у любым выпадку афармляць іх будуць экспэрты-прафэсіяналы".

З прапановаў, што ўжо паступілі ў Агульнанацыянальны банк народнай мудрасьці, найбольшую цікавасьць выклікаў ліст Мікалая Петрушэнкі – былога ўдзельніка Першага зьезду народных дэпутатаў СССР. Мікалай Петрушэнка – сябра Партыі камуністаў Беларускай – назваў свой зварот "Да сустрэчы ў адзіны час Перамогі". Ён прапаноўвае, каб прыхільнікі зьменаў у Беларусі 19 сакавіка галасавалі толькі ад 12 да 14 гадзіны. Гэта, як лічыць аўтар, дазволіць пабачыць дэмакратычна настроеным людзям, як іх многа, і што яны могуць адстаяць сваю перамогу на выбарах.

(Петрушэнка: ) "Мая прапанова нарадзілася ў мяне ў роздумах пра нашу рэчаіснасьць. Я прыйшоў да высновы, што нам патрэбна сустрэцца ў адзіную гадзіну Перамогі. Шмат людзей не давяраюць Лукашэнку, бачаць, як ён прывёў дзяржаву ў тупік, перадусім, у міжнародную ізаляцыю. Але ж кожны думае, што яго ніхто не падтрымлівае. Вось таму нам трэба не чакаць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня, а адзінай рашучай калёнай ісьці галасаваць. І прадэманстраваць нашу рашучасьць, наш настрой на барацьбу і на перамогу. Каб усе бачылі, што і камуністы, і нацыяналісты, і правыя, і левыя чакаюць перамогі, чакаюць зьменаў, чакаюць лепшага жыцьця, чакаюць дэмакратыі. Гэта толькі на першы погляд улада моцная і адзіная, а на самой справе ўсе разумеюць – нам патрэбная адна перамога".

Прапанова Мікалая Петрушэнкі атрымала шмат станоўчых водгукаў. Праўда, некаторыя людзі гавораць, што, мабыць, лепш дэмакратам зьбірацца на выбарчых участках пазьней, увечары, прыкладам, пасьля шостай гадзіны вечара. Але гэта ўжо дэталі. Галоўнае, як цьвердзіць аўтар аднаго з водгукаў з Гомеля на прапанову Мікалая Петрушэнкі, быць разам увесь час. І тады перамога абавязкова прыйдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG